Усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла бухгалтарскай справе Ларыса Яўстаф’еўна Янушкевіч

Общество

Жыццё… Як жа хуткаплынна яно прабягае, як мільгаюць дні, месяцы, гады! На жаль, час нельга стрымаць, нельга хоць на адну хвіліну яго спыніць, каб азірнуцца назад і штосьці змяніць, выправіць. У гісторыі не існуе ўмоўнага ладу, і гэта аксіёма.

Усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла бухгалтарскай справе Ларыса Яўстаф’еўна Янушкевіч. Яшчэ ў старэйшых класах сярэдняй школы яна вырашыла, што звяжа сваё далейшае жыццё з дакладнымі навукамі. У 1970 годзе жанчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (цяпер — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Чатыры гады вучобы праляцелі імкліва і незаўважна. І вось пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі маладога спецыяліста размеркавалі ў Шаркаўшчынскі раён.

— Была магчымасць паехаць у іншае месца, але я выбрала менавіта Шаркаўшчыну, — успамінае Ларыса Яўстаф’еўна, — бо непадалёк, у суседнім Міёрскім раёне, жылі мае бацькі. Начальнікам райсельгасхарчу ў той час працаваў Леанід Іванавіч Новік, які і накіраваў мяне ў калгас імя Леніна з цэнтрам у вёсцы Сасноўцы. Там я пачала працаваць галоўным бухгалтарам гаспадаркі. Па волі лёсу ў вёсцы знайшла сваю другую палову — хлопца Міледзія. А можа, гэта ён мяне вылучыў сярод іншых дзяўчат-прыгажунь. Але галоўнае, што мы ўзаемна пакахалі адно аднаго, а ў 1978 годзе звязалі свае лёсы, згулялі камсамольскае вяселле. У той час гэта было абавязкова і вельмі пачэсна для маладой пары. На вяселле быў запрошаны ўвесь калектыў нашага калгаса разам са старшынёй Пятром Пятровічам Рубніковічам. Жыць сталі ў Сасноўцах. Я па-ранейшаму працавала галоўным бухгалтарам, а муж — галоўным інжынерам сельгаспрадпрыемства. У 1979 годзе ў мяне нарадзілася дачка Аня, а ў 1986 годзе — другая дачушка, Таня. У пачатку 1980-х мы пераехалі ў Шаркаўшчыну, дзе атрымалі дзяржаўнае жыллё (дом). Я стала працаваць галоўным бухгалтарам райсельгасхарчу, непрацяглы час з’яўлялася бухгалтарам райветстанцыі.

У 1992 годзе Ларысу Яўстаф’еўну чакала чарговае павышэнне па кар’ернай лесвіцы. Старшыня райвыканкама Леанід Віктаравіч Клакоўскі выклікаў яе да сябе ў кабінет і прапанаваў пасаду галоўнага бухгалтара раённага выканаўчага камітэта.

— Ведаеце, для мяне гэта прапанова аказалася сур’ёзным выклікам і гонарам, — працягвае суразмоўца. — Пасада вельмі адказная і складаная, але, як паказаў час, я справілася. Адпрацавала галоўным бухгалтарам райвыканкама 17 год, з якіх два гады — на заслужаным адпачынку. Усяго ж агульны мой бухгалтарскі стаж складае 35 год.

Разам з мужам мы пабудавалі ўласны дом у вёсцы Альхоўцы, выгадавалі дзвюх дочак, якія цяпер жывуць і працуюць у Мінску, у нас двое ўнукаў. Вядома, жыццё імкліва ідзе, але я за ўсё ўдзячна лёсу.

У пачатку студзеня Ларыса Яўстаф’еўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння. З гэтай нагоды паважанага ў грамадстве чалавека павіншавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі, былыя калегі. Юрый Анатольевіч уручыў Ларысе Яўстаф’еўне Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, узорнае выкананне прафесійных абавязкаў у галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці і высокі прафесіяналізм.

Сяргей РАЙЧОНАК.