У мінулую нядзелю каля касцёла “Узвышэнне Святога Крыжа” было шматлюдна і ўрачыста. Ярка свяціла сонейка, здаецца, анёлы сышлі на зямлю і надзялялі ўсіх людзей радасцю, дабрынёй і цяплом сваіх душ. Прыхаджане апранулі самае лепшае святочнае адзенне. Здавалася, што ў гэты дзень не было на зямлі ні злосці, ні крыўды, ні зайздрасці, ні спакусы. Урачыстасць Божага Цела і Крыві праводзіцца кожны год і дае магчымасць палымяней выказаць нашу любоў да Бога. Гэта свята ўказвае на рэальную прысутнасць Хрыста сярод нас, а таксама падкрэслівае адзінства ўсіх вернікаў. Звычайна, такі дзень у нашай парафіі суправаджаецца першай Камуніяй. Уся ўвага вернікаў у касцёле была звернута на 12 хлопчыкаў і дзяўчынак у бялюткім адзенні. “Гэта сімвалічна, нібы 12 апосталаў сышлі з нябёсаў на Зямлю”, — сказаў ксёндз-дэкан Крыштаф. А гэта былі дзеткі, якія на працягу двух навучальных гадоў па распрацаванай праграме займаліся ў нядзельнай школе пры касцёле, заняткі ў якой праводзіць настаўніца рэлігіі Галіна Іванаўна Трызна. Раз у тыдзень, пасля заняткаў у школах мамы ці таты прыводзілі сваіх дзяцей (вучняў 3—4 класаў школ гарадскога пасёлка) у касцёл для вучобы. А ў гэты святочны дзень у іх быў своеасаблівы экзамен перад сваімі бацькамі і ўсімі прысутнымі. Маленькія Кацярына Петух, Карына Кавалеўская, Вікторыя Шарубнёва, Марына Лук’янская, Павел Бейнаровіч, Елізар Цыцын, Ян Даргель, Аляксей Седзюкевіч, Антон Івонін, Станіслаў Руткоўскі, Кірыл Скавырка і Ян Хаданёнак прымалі самы актыўны ўдзел у святочнай Імшы. Затым свята перамясцілася на вуліцы райцэнтра. Дзяўчынкі сыпалі кветачкі пад ногі тым, хто нёс сімвалічныя плакаты Божага Цела. Вернікі ішлі следам — спявалі і маліліся. Нікога не здзіўляла, калі потым сустракалі на вуліцы дзетак у белым адзенні, якія прынялі першую Камунію. Для іх свята працягвалася пад назвай “Белы тыдзень”. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэтыя дзеткі не здзейсняць нічога дрэннага, яны будуць паважаць і любіць бацькоў сваіх, старэйшых людзей, верыць у Бога, бо ўсяму добраму іх вучылі ў нядзельнай школе.




