Падчас рабочага візіту ў Шаркаўшчынскі раён член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар КПРБУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Матвееў прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы, пасяджэнне якой прайшло ў музеі мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах. Тэмай абмеркавання стала 85-годдзе Віцебскай вобласці.
Экспертамі дыялогавай пляцоўкі выступілі Уладзімір Матвееў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч, мадэратарам — навуковы супрацоўнік музея Іна Пучынская. Сярод удзельнікаў былі работнікі сельгаспрадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай і вытворчай сфер.
— Віцебская вобласць, якая была створана 15 студзеня 1938 года, прайшла складаны шлях станаўлення і развіцця, — паведаміла Іна Сямёнаўна. — Малады рэгіён зведаў прыгнёт нямецка-фашысцкай акупацыі. Яго жыхары на працягу многіх гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны аднаўлялі народную гаспадарку, з руін і папялішчаў адрадзілі родную Віцебшчыну. Сёння Віцебская вобласць па шматлікіх сацыяльна-эканамічных паказчыках займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне.
Віцебскі рэгіён мае добрыя ўмовы і для развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці. Аб’ектыўным фактарам развіцця транспартнага патэнцыялу вобласці з’яўляецца выгаднае геаграфічнае становішча. Наяўнасць развітай інфраструктуры газа- і нафтаправоднага транспарту, скрыжаванне найбуйнейшых транспартных калідораў, багаты прыродна-рэсурсны патэнцыял вобласці прыцягваюць інвестараў, пазітыўна ўплываюць на працэс стварэння новых імпартазамяшчальных вытворчасцей і, у канчатковым выніку, на развіццё экспарту тавараў і паслуг.
Свой дастойны ўклад у стабільнае развіццё Віцебшчыны ўносіць і Шаркаўшчынскі раён. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец падкрэсліў, што наш рэгіён з’яўляецца сельскагаспадарчым. З году ў год аграрыі працуюць над павышэннем вытворчых паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Напрыклад, у мінулым годзе сельгаспрадпрыемствы змаглі атрымаць амаль 41 тысячу тон зерня (170 працэнтаў да ўзроўню 2021 года), чым зрабілі значны ўклад у агульны каравай вобласці. У 2022 годзе тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў галіне раслінаводства склаў 105 працэнтаў. Найбольшых паказчыкаў дасягнулі ААТ «Княж», «Ельня-Агра», «Агратэхсэрвіс».
Пачата будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома ў райцэнтры, будуецца жылы корпус у Александроўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. У межах падрыхтоўкі гарадскога пасёлка да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023» будзе праведзены рамонт устаноў культуры і адукацыі, жылога фонду, дарожнай сеткі.
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі засяродзіў увагу на тым, што дабрабыт жыхароў Шаркаўшчынскага раёна і Віцебшчыны ў цэлым залежыць ад кожнага з нас, ад сумленнай працы на карысць роднай Беларусі.
Такую ж думку выказаў і Уладзімір Матвееў. Парламентарый упэўнены ў тым, што дзякуючы сумленнасці і працавітасці беларусаў удалося захаваць усё тое лепшае, што было ўзведзена ў савецкі час. Гэта буйныя прадпрыемствы, заводы і фабрыкі лёгкай прамысловасці. Цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб гэты магутны патэнцыял працаваў на карысць дзяржавы і паляпшаў яе сацыяльна-эканамічныя паказчыкі.
Як вядома, 2023 год у нашай краіне афіцыйна аб’яўлены Годам міру і стварэння. У сувязі з гэтым асноўнымі накірункамі будуць удасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання насельніцтва, садзейнічанне міжканфесіянальнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве, прапаганда стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускага грамадства. Беларускім адказам на мілітарызацыю ў еўрапейскім рэгіёне стане мірная стваральная праца суайчыннікаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
