Шаркаўчанка Ганна Ювінальеўна Раманоўская — равесніца Віцебскай вобласці

Общество

Перад тым, як напісаць матэрыял, прысвечаны 85-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, я вырашыў знайсці сярод шаркаўчан людзей, якія нарадзіліся 15 студзеня 1938 года. Справа гэта, трэба сказаць, аказалася няпростай. На дапамогу мне прыйшоў раённы савет ветэранаў.

Яго старшыня Ірына Генадзьеўна Міхалёнак параіла звярнуцца да Ганны Ювінальеўны Раманоўскай, якая якраз і з’яўляецца равесніцай нашай вобласці. З жанчынай я крыху знаёмы. У сакавіку 2017 года яе муж Леанід Акімавіч адзначаў сваё 80-годдзе, пра што і быў змешчаны матэрыял у нашай газеце.

І вось амаль праз шэсць год я зноў трапіў у знаёмую кватэру па вуліцы Маякоўскага ў райцэнтры. Ганна Ювінальеўна не адразу згадзілася, каб пра яе ў чарговы раз напісалі ў газеце. Маўляў, узрост ужо сталы. І ўсё ж я настойваў на сваім, бо хацелася расказаць маладым шаркаўчанам і напомніць былым вучням пра паважанага чалавека, які адпрацаваў усё жыццё на ніве адукацыі. У рэшце рэшт, я атрымаў згоду.

— Прайшло ўжо тры гады з таго часу, як мой муж пайшоў з жыцця, я цяпер жыву адна. Але на адзіноту не скарджуся, бо кожны дзень мяне праведвае дачка Вольга, якая пражывае ў суседнім шматкватэрным доме, — пачала гутарку Ганна Ювінальеўна. — Нарадзілася я ў вёсцы Пялікі ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька і маці шчыравалі ў мясцовым калгасе імя Энгельса. З маленства дапамагала ім працаваць на зямлі, у хатняй гаспадарцы. Калі прыйшоў час вучыцца, бацька адвёў мяне ў Шаркаўшчынскую школу, дзе я і атрымлівала першыя веды, жывучы ў райцэнтры на кватэры.

Настаўнікі заўважылі мае поспехі ў вучобе і пасля заканчэння навучальнай установы параілі паехаць у Мінск на вучобу ў школу старшых піянерважатых пры Цэнтральным камітэце камсамола. Першым месцам маёй працы стала Дулінаўская базавая школа. Жыла ў Пяліках разам з бацькамі і кожны дзень, пераадольваючы рэкі Дзісна і Гнілуха, пешшу хадзіла на заняткі.

У той час у мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце ў Пяліках працаваў малады мужчына Леанід. Сюды ён трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Мазырскага медвучылішча. Мы пазнаёміліся з ім, пасябравалі, Леанід быў частым госцем у нашым доме, даспадобы ён прыйшоўся і маім бацькам. У хуткім часе сяброўства і ўзаемная сімпатыя перараслі ў каханне і мы звязалі свае лёсы ў адзін. Вяселле згулялі 10 лістапада 1956 года, а праз год у нас нарадзіўся сын Генадзій. Нам хацелася вучыцца далей. Пасля доўгіх разважанняў на сямейным савеце я падала дакументы на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, а Леанід стаў вучыцца ў Віцебскім медінстытуце на лячэбным факультэце. Безумоўна, нашай маладой сям’і было няпроста. Амаль увесь перыяд вучобы, калі муж прыязджаў летам на канікулы (вучыўся ён  стацыянарна), у мяне пачыналася экзаменацыйная сесія. Вось так у разлуцы і прайшлі нашы студэнцкія гады.

Ішоў час. У 1966 годзе ў нашай сям’і нарадзілася дачушка Вольга. Мужа перавялі на пасаду галоўнага санітарнага ўрача, а я стала працаваць метадыстам у раённым аддзеле адукацыі. Ведаеце, справа гэта мне аказалася не па душы, бо трэба было выконваць кантралюючыя функцыі, а мне заўсёды хацелася працаваць з дзецьмі, даваць ім веды, прывіваць любоў да роднай мовы, да сваёй радзімы.

Пётр Ільіч Радзькоў, які ў пачатку 1970-х гадоў працаваў загадчыкам раённага аддзела адукацыі, перавёў мяне на пасаду настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў Шаркаўшчынскую сярэднюю школу. Спачатку навучальная ўстанова размяшчалася ў двухпавярховым будынку па вуліцы 17 верасня, а потым педагагічны калектыў (каля 100 чалавек) і вучні, а іх была амаль тысяча, перайшлі ў новую трохпавярховую школу. У сценах гэтай навучальнай установы і прайшла большая частка майго працоўнага жыцця, у якім знаходзілася месца радасці і смутку, перамогам і няўдачам. Але заўсёды побач са мной былі любімыя вучні, паважаныя калегі.

Агульны педагагічны стаж Ганны Ювінальеўны складае 40 год. Педагог удастоена званняў «Старшы настаўнік», «Выдатнік народнай адукацыі». Яе плённая праца адзначана Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, Міністэрства адукацыі БССР, іншымі ўзнагародамі. А сама заслужаная настаўніца ўдзячна лёсу за сваю прафесію, за родных дзяцей, унукаў, праўнука. Па словах Ганны Ювінальеўны, работа з дзецьмі — самы светлы і радасны перыяд яе жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.