У дзіцячай бібліятэцы адкрылася выстава малюнкаў юных шаркаўшчынскіх мастакоў

Молодежь

Штогод у дзіцячай бібліятэцы ладзіцца выстава малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаная навагоднім святам. Вось і сёлетні год не стаў выключэннем.

Дваццаць прыгожа аформленых работ бібліятэкар Людміла Казіцкая размясціла ў чытальнай зале ўстановы культуры. На адкрыццё выставы прыйшлі юныя мастакі, іх педагогі, вучні 7 “Б” класа Шаркаўшчынскай СШ № 1, завіталі і прадстаўнікі духавенства — дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі, настаяцель царквы іконы «Усіх смуткуючых Радасць» протаіерэй Віктар Валашчук і настаяцель Свята-Успенскай царквы протаіерэй Пётр Бараноўскі.

Кожны з аўтараў адлюстраваў на аркушы паперы свой святочны навагодні настрой, сваё бачанне зімовага таямнічага хараства прыроды. Тут і гарэзлівая дзятва, якая катаецца на санках з гары, і карагод вакол ёлкі, і персанажы казак. Як падкрэсліла дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Жанна Русак, юнакі і дзяўчаты — навучэнцы мастацкага аддзялення — растуць таленавітымі людзьмі, у кожнага з іх прысутнічае тонкае ўспрыняцце прыгожага, яны валодаюць вялікай фантазіяй.

Святары былі вельмі ўражаны работамі, асабліва тымі, дзе прысутнічае рэлігійная тэма, бо менавіта ў гэтыя дні хрысціяне святкуюць Нараджэнне Хрыстова, якое прынесла свету мір і дараванне Усявышняга.

Айцец Віктар і айцец Пётр у якасці падарункаў прынеслі дзецям салодкія калядныя пачастункі, бо такія святы абавязкова павінны быць з добрымі сюрпрызамі, з выдатным настроем.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.