Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Сёння — Дзень выратавальніка

Главное Служба 101

Цяжка знайсці больш высакародную справу, чым штодзённае выратаванне чалавечых жыццяў. Менавіта таму сёння мы расказваем пра людзей, якія звязалі сваё жыццё са службай у органах і падраздзяленнях, падпарадкаваных Міністэрству па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. На пытанні нашага карэспандэнта адказвае першы намеснік начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Іван Пальчэх.

— Іван Паўлавіч, Шаркаўшчынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях стаіць на варце дабрабыту і спакою жыхароў гарадскога пасёлка і раёна. Якія надзвычайныя сітуацыі часцей за ўсё здараюцца ў нашым рэгіёне?

— На першым месцы застаюцца пажары. За мінулы год нашымі супрацоўнікамі было ліквідавана 15 пажараў, агонь знішчыў адну пабудову, пашкодзіў — 12 пабудоў і 22 тоны грубых кармоў, матэрыяльны ўрон склаў 39 тысяч рублёў. Выратавана 16 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму 88 тысяч рублёў. Дзякуючы ўстаноўленаму пажарнаму апавяшчальніку ў жылым доме быў выратаваны адзін чалавек.

— Дзе часцей за ўсё адбываюцца пажары і якія асноўныя прычыны іх узнікнення?

— Большасць пажараў узнікаюць у жылым сектары. Асноўная прычына банальная — неасцярожнае абыходжанне з агнём, нярэдка — у стане алкагольнага ап’янення. З-за няспраўнай электраправодкі і электраабсталявання адбыліся 3 пажары, з-за няспраўнага пячнога ацяплення зафіксаваны 2 пажары, у двух выпадках узгаранне адбылося па прычыне дзіцячага свавольства, з-за парушэнняў тэхналагічнага працэсу зафіксаваны 2 пажары.

Геаграфія пажараў за мінулы год наступная: у гарадскім пасёлку і Іёдскім сельскім Савеце адбыліся па 2 пажары, у Лужкаўскім — 3, у Германавіцкім і Більдзюгскім сельскіх Саветах зафіксавана па 4 пажары.

— Акрамя пажараў у нашым жыцці ўзнікаюць іншыя надзвычайныя сітуацыі, калі патрэбна дапамога выратавальнікаў.

— Мы можам дапамагчы людзям не толькі ў нейкіх бытавых абставінах, але гатовы і да ліквідацыі рознага характару аварый, звязаных з хімічна небяспечнымі сродкамі. Для гэтага ў нас маецца спецыяльная тэхніка і абсталяванне.

— Работа выратавальніка патрабуе прафесійных навыкаў і асаблівых рысаў характару. Як сёння рыхтуюць тых, хто прызваны ратаваць людзей?

— Асаблівы націск робіцца не толькі на тэхніку, але, перш за ўсё, на падрыхтоўку асабовага складу. Прафесія выратавальніка звязана з вялікімі нагрузкамі, таму вельмі важнымі з’яўляюцца фізічная падрыхтоўка чалавека. Дзяжурныя суткі ў выратавальнікаў распісаны па хвілінах. Пасля таго як адбудзецца змена дзяжурства, праходзяць заняткі як тэарэтычныя, так і практычныя, на якіх пастаянна адпрацоўваюцца пытанні выратавання людзей і ліквідацыі розных надзвычайных сітуацый. Менавіта гэта дазваляе дасягнуць высокага ўзроўню падрыхтоўкі. Акрамя навучання непасрэдна ў падраздзяленнях, у краіне ёсць сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, у якіх рыхтуюць прафесіянальных выратавальнікаў. Гэта ўніверсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, спецыялізаваны ліцэй, які існуе пры дадзенай ВНУ ў г. Гомель, а таксама Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж.

— Па ўсім бачна, што супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пастаянна прафесійна ўдасканальваюцца. А наколькі трывалай і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай валодае Шаркаўшчынскі РАНС?

— Для ліквідацыі пажараў і іншых надзвычайных сітуацый пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 гарадскога пасёлка, а таксама пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў аграгарадку Лужкі і вёсцы Варонка маюць на ўзбраенні спецтэхніку, якая абсталявана ўсімі неабходнымі сродкамі. Для саміх жа выратавальнікаў-пажарных створаны належныя ўмовы для камфортнага нясення службы.

— Сёння адзначаецца Дзень выратавальніка Рэспублікі Беларусь. Што б вы хацелі пажадаць сваім калегам у гэта свята?

— Паважаныя выратавальнікі-пажарныя! Вашы прафесіяналізм і самаахвярнасць з’яўляюцца гарантам бяспекі жыхароў нашага раёна. Дзякуй вам за нялёгкую, але вельмі патрэбную працу! Няхай дабрабыт і разуменне пануюць у вашых сем’ях! Няхай вас падтрымліваюць любоў і цяпло родных і блізкіх людзей, ніколі не пакідае ўвага з боку сяброў і калег, а кожны новы дзень прыносіць толькі радасць! Са святам, дарагія сябры!

Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.