І на «Кіраўцы», і на «Беларусе», і на «Амкадоры» працуе механізатар ААТ «Агра-Ельня» Уладзімір Яблонскі

Сельское хозяйство

Не так многа механізатараў працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Ельня-Агра”. Але тыя, хто ёсць у гаспадарцы, справу сваю ведаюць дасканала і выконваюць яе “на выдатна”. Сярод іх і Уладзімір Яблонскі.
Калі прыязджаю ў гэта сельгаспрадпрыемства, заўсёды сустракаюся з Уладзімірам. Яго толькі зрэдку можна заўважыць у механічных майстэрнях, калі трэба падрамантаваць трактар або прычапны агрэгат. У асноўным механізатар заўсёды ў полі. Рокат яго “сталёвага каня”, а працуе Уладзімір на энерганасычаным трактары “Кіравец” К-701, якому больш за сорак год, чутны здалёк. Вясной і восенню механізатар займаецца ўзворваннем, культывацыяй глебы, падрыхтоўкай яе пад сяўбу.
Калі ў пачатку 2021 года гаспадарка атрымала два новыя трактары “Беларус” МТЗ-1221, адзін з іх быў даручаны Уладзіміру. На ім механізатар выконвае транспартныя работы — перавозіць “зялёнку” на корм жывёле, займаецца сенакашэннем, унясеннем мінеральных удабрэнняў, арганічных угнаенняў. Калі патрабуецца, Уладзімір перасаджваецца за руль пагрузчыка “Амкадор” і працуе на ім.
— Гэта адзін з нямногіх універсальных механізатараў, — кажа кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Якімовіч. — Больш бы такіх у наш сяброўскі калектыў.
На ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, якая прайшла ў сельгаспрадпрыемстве, Уладзімір Яблонскі быў узнагароджаны граматай і грашовай прэміяй за добрасумленную працу, высокія вытворчыя паказчыкі пры правядзенні палявых работ.
Сяргей РАЙЧОНАК.