З даўніх часоў нашы продкі займаліся рамесніцтвам: выраблялі посуд, прылады працы, мэблю, адзенне. Гэта рамесніцкая дзейнасць не губляе сваёй актуальнасці і ў наш час.
Усе шаркаўчане добра ведаюць Юрыя Матуля. Усё сваё працоўнае жыццё Юрый Часлававіч прысвяціў педагагічнай справе. Працаваў у розных школах нашага раёна. Шмат год з’яўляўся дырэктарам Велікасельскай ДС—СШ (цяпер — базавая школа).
Яшчэ ў юнацтве мужчына захапіўся малюнкам, разьбой па дрэве. Гэта захапленне з цягам часу перарасло ў прафесію. У навучальных установах ён выкладаў маляванне, чарчэнне.
На мінулым тыдні Юрый Часлававіч патэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў, што зрабіў чарговыя драўляныя фігуры — заказ Нацыянальнага парка «Нарачанскі». Навіна гэта мяне зацікавіла, і я вырашыў наведаць свайго былога настаўніка.
— Я ўжо не першы год супрацоўнічаю з «Нарачанскім», — кажа майстар. — Летась яны ў мяне ўжо заказвалі дзве драўляныя фігуры: воўка і мядзведзя. І вось сёлета зноў звярнуліся з просьбай. На гэты раз заказ даволі сур’ёзны. Трэба выразаць з дрэва і адправіць на Мядзельшчыну 10 фігур. Вольнага часу ў мяне хапае, таму з задавальненнем займаюся любімай справай. Сюжэты самыя розныя: гэта легендарная дзяўчына Нара, ад імя якой пайшла назва возера Нарач, тут жа прысутнічаюць лесавік, воўк, казачныя птушкі, папараць-кветка і шмат іншага.
Ужо зусім хутка фігуры, створаныя ўмелымі рукамі Юрыя Матуля, будуць упрыгожваць тэрыторыю Нацыянальнага парка «Нарачанскі». Было б вельмі цудоўна, каб нешта падобнае з’явілася і ў нашай Шаркаўшчыне. Несумненна, такое рукатворнае хараство стала б яркім аздабленнем гарадскога пасёлка, які сёлета адзначыць сваё 520-годдзе, а таксама сустрэне гасцей і ўдзельнікаў абласных «Дажынак».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.