Сям’я — адна з найвялікшых каштоўнасцяў, створаных чалавецтвам за ўсю гісторыю свайго існавання. Ніводная нацыя, ніводная культурная супольнасць не можа існаваць без сям’і. У яе пазітыўным развіцці, зберажэнні, умацаванні зацікаўлена грамадства. У надзейнай апоры сваякоў адчувае патрэбу кожны чалавек незалежна ад узросту. У сённяшнім нумары раённай газеты мы раскажам пра сям’ю Андрэя і Вольгі Яцынаў з вёскі Жданы Станіславоўскага сельсавета.
Незабыўныя юнацкія гады
Папярэдне дамовіўшыся па тэлефоне, я сустрэўся з Вольгай Станіславаўнай на яе працоўным месцы ў Пялікаўскім сельскім клубе, дзе яна працуе загадчыцай установы культуры аграгарадка. Быў абедзенны перапынак, які мы і скарысталі для гутаркі.
— Нарадзілася я ў вёсцы Верацеі (цяпер аграгарадок) у сям’і Станіслава Вячаслававіча і Галіны Іосіфаўны Бука, — дзеліцца сваімі ўспамінамі мая суразмоўца. — Але амаль усё дзяцінства і юнацкія гады прайшлі на малой радзіме маці ў вёсцы Жоўніца. Бацькі працавалі ў саўгасе імя Маркава, а я вучылася ў Дулінскай «дзевяцігодцы». Паралельна наведвала заняткі ў Шаркаўшчынскай музычнай школе, дзе выкладчык Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк вучыў мяне іграць на баяне. Дарэчы, у дзяцінстве ў нас дома быў маленькі гармонік, на якім я крыху іграла і спявала песні.
У дзясяты клас пайшла ў Слабадскую СШ, а жыла ў сваёй цёткі Марыі ў Жукоўшчыне. Там была ўдзельніцай гурткоў мастацкай самадзейнасці ў мясцовым клубе і ў навучальнай установе. Прага да музыкі, да песень станавілася ўсё мацней, таму пасля заканчэння школы вырашыла паступіць у Наваполацкае музычнае вучылішча. Пасля ўдала здадзеных уступных іспытаў была залічана навучэнкай і на працягу трох год на прафесійнай аснове авалодвала навыкамі ігры на баяне, клавішных музычных інструментах.
Месца спаткання вызначыў лёс
— Калі вярталася з дому ў Наваполацк пасля чарговых выхадных дзён, праведзеных у бацькоў, у купэ цягніка побач са мной папрасіў дазволу прысесці незнаёмы юнак, — працягвае Вольга. — У гутарцы даведалася, што завуць хлопца Андрэй, ён з нашага Шаркаўшчынскага раёна, з вёскі Васюкі, і едзе таксама ў Наваполацк, дзе ў той час вучыўся ва ўніверсітэце на інжынера-будаўніка. Мы доўга размаўлялі на самыя розныя тэмы, а пасля прыезду на чыгуначны вакзал Полацка абмяняліся нумарамі тэлефонаў. Вось так першае знаёмства і спатканне сталі лёсавызначальнымі ў нашым жыцці: атрымаўшы дыпломы аб заканчэнні навучальных устаноў, мы сталі мужам і жонкай.
Пасля вяселля спачатку жылі ў бацькоў Андрэя. Муж працаўладкаваўся ў сельгаспрадпрыемства «Васюкі», а я стала мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры. Гэту працу сумяшчала з пасадай акампаніятара Жукоўшчынскага сельскага клуба. У 2004 годзе ў нашай сям’і нарадзіўся сын Арцём. З цягам часу з Андрэем набылі ўласны дом і пераехалі жыць у вёску Жданы.
«Каліну» ведалі і любілі
Шаркаўчане добра памятаюць той час, калі вяла сваю шырокую канцэртную дзейнасць група «Каліна», утвораная на базе Васюкоўскага СДК. Ля вытокаў яе стварэння стаялі Святлана Васюк, Святлана Машнюк, Мікалай Кіраенка і Вольга Яцына. Квартэт ладзіў мерапрыемствы не толькі ў мясцовым Доме культуры, «Каліна» збірала дзясяткі прыхільнікаў сваёй творчасці ў нашым раёне і за яго межамі, была жаданым госцем на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
— Так, мы шмат гастраліравалі, бо рэпертуар нашага калектыву падабаўся публіцы рознага ўзросту, — кажа Вольга. — За гады існавання пашыралася геаграфія правядзення выступленняў, змяняліся і ўдзельнікі групы. У «Каліне» ў розны час спявалі Алёна Седзюкевіч, Алена Пагарэлава, Вольга Яцына (Кудраўцава). На вялікі жаль, творчы шлях калектыву завяршыўся, цяпер кожны з нас выступае або паасобку, або у складзе іншых калектываў. Калі надараецца магчымасць, мы збіраемся разам і спяваем, як у былыя часы.
На адлегласці ад родных
Зрэдку можна спаткаць дома мужа Вольгі Станіславаўны Андрэя Алегавіча, ён працуе на Полаччыне ў галіне сельскай гаспадаркі. Шлях у прафесію мужчына пачынаў у тагачасным сельгаскааператыве «Васюкі», шмат год працаваў на кіруючых пасадах. Больш падрабязна ён расказаў пра сябе ў тэлефоннай размове:
— Жыццёвыя пуцявіны некалькі год назад прывялі мяне ў суседні Глыбоцкі раён, — пачаў гутарку Андрэй Алегавіч. — Там я працаваў намеснікам дырэктара райаграсэрвіса, а потым займаў пасаду кіраўніка сельгаспрадпрыемства «Прошкава». Без адрыву ад вытворчасці набыў другую вышэйшую адукацыю ў Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце. У чэрвені мінулага года быў назначаны выконваючым абавязкі дырэктара сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Блізніца», якое ўваходзіць у склад Полацкай інтэграцыйнай структуры. Безумоўна, кіраваць гаспадаркай у цяперашні час — справа не з лёгкіх. Дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі зладжаны працоўны калектыў. Агульная плошча сельгасугоддзяў — 5 тысяч гектараў. Гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Колькасць працаўнікоў складае звыш 150 чалавек. Адлегласць ад дому даволі значная, таму наведваю сваіх родных не так часта, як хацелася б — прыкладна раз у тыдзень. Вось і цяпер з нецярпеннем чакаю выхадны дзень, каб паехаць у Жданы.
Дзеля шчасця дзяцей
У сям’і Андрэя і Вольгі растуць сын і дачка. Арцём скончыў у 2021 годзе Шаркаўшчынскую сярэднюю школу № 1, а цяпер з’яўляецца студэнтам Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта — навучальнай установы, якую ў свой час закончыў бацька. Лізавета ходзіць у дзявяты клас. Як кажа яе маці, дачка цяпер думае пра выбар будучай прафесіі. Што ж, яшчэ ёсць час і Лізавета абавязкова вызначыць сваю далейшую жыццёвую дарогу.
Цяпер жа бацькі жывуць і працуюць дзеля светлай і шчаслівай будучыні сваіх дзяцей. Вольга Станіславаўна — чалавек з пазітыўнай жыццёвай энергіяй. Яе праца ў клубнай установе мае станоўчыя водгукі ў мясцовага насельніцтва, у кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яно і не дзіўна, бо Пялікаўскі сельскі клуб з ахвотай наведваюць і дзеці, і дарослыя. Тут кожны можа знайсці сабе занятак па душы ў разнастайных гуртках мастацкай самадзейнасці. Як кажуць у народзе, культурнае жыццё ў клубе «кіпіць».
Сям’я, пра якую мы вам сёння расказалі, на першы погляд, звычайная, але менавіта з такіх людзей будуецца наша грамадства. Жывуць Яцыны ва ўзаемнай любові, у шчасці і радасці. Усё лепшае прывіваюць сваім дзецям, клапоцяцца, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай Беларусі.
Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота з архіву сям’і Яцынаў.



