Восьмы год у краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». Яе ініцыятарам выступае Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Падчас акцыі прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі сельгаспрадпрыемстваў праводзяць маніторынг малочнатаварных і жывёлагадоўчых ферм. Асаблівая ўвага надаецца санітарна-бытавым умовам працы, тэхніцы бяспекі, наяўнасці ў работнікаў спецвопраткі і абутку. Па выніках працы лепшыя жывёлаводы атрымліваюць каштоўныя падарункі і прэміі.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская наведала малочнатаварную ферму «Германавічы» ААТ «Княж». Старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства Таццяна Бохан і загадчыца МТФ Людміла Яблонская расказалі пра стан спраў у жывёлагадоўлі.
На сённяшні дзень на малочнатаварнай ферме ўтрымліваецца 425 кароў. Працуюць 10 аператараў машыннага даення. За суткі валавы надой малака складае чатыры з паловай тоны. У сярэднім ад адной каровы надойваюць па 12 кілаграмаў малака, якое рэалізуецца дзяржаве гатункамі «экстра» і вышэйшым.
Умовы працы, як мы самі ў гэтым упэўніліся, тут на належным узроўні. Усім работнікам своечасова выдаецца спецвопратка, абутак. На ферме ёсць памяшканне, абсталяванае ўсім неабходным для адпачынку жывёлаводаў і для іх харчавання.
Высокіх вытворчых паказчыкаў ў працоўным калектыве дасягаюць, дзякуючы сумленным і адказным работнікам. Адной з іх з’яўляецца аператар машыннага даення Алена Мухамора, у гурце якой утрымліваецца 56 кароў. Жанчына за суткі (а даенне на ферме двухразовае) атрымлівае больш за 600 кілаграмаў малака. Сярэдні надой ад адной каровы складае 12 кілаграмаў.
— Цяпер шмат кароў знаходзіцца ў запуску, асноўная частка расцёлаў прыпадае на канец лютага, — кажа даярка. — Вось тады і валавы надой малака значна павялічыцца.
Працоўныя паказчыкі ў Алены Мухамора высокія. Менавіта таму ў межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» аператар машыннага даення атрымала грашовую прэмію ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Альшэўскай.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.