… Паўзе калона па цясніне,
Наперадзе засады шток…
Бацькі трывожацца за сына.
Вайна вайною — а за што?
Гэта радкі з верша шаркаўшчынскага паэта Віктара Лагуна, прысвечанага афганскай вайне. Больш за шэсцьдзясят шаркаўчан у свой час прайшлі вогненнымі дарогамі ў той паўднёвай краіне, на ўласныя вочы бачылі смерць таварышаў, удзельнічалі ў баях, ратавалі параненых.
Віктар Жабёнак нарадзіўся ў суседнім Міёрскім раёне. Адтуль жа яго прызвалі на тэрміновую вайсковую службу. Папярэдне Віктар Антонавіч у Шаркаўшчынскай аўташколе ДТСААФ атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «С». Не ведаў тады юнак, што служыць яму лёсам наканавана не пад мірным небам Савецкага Саюза, а пад палаючым сонцам Афганістана.
— Пасля прызыву, а было гэта 29 сакавіка 1981 года, мяне і яшчэ 5 юнакоў з Міёршчыны адправілі ў Мар’іну Горку, дзе мы знаходзіліся зусім нямнога часу. Прынялі прысягу, атрымалі новае абмундзіраванне і цягніком адправіліся на мяжу СССР і Афганістана, — успамінае Віктар Антонавіч. — Пра тое, што накіроўваемся на вайну, прагаварыўся адзін саслужывец. Але назад шляху не было, час выбраў нас.
Два гады, праведзеныя на вайне, пакінулі глыбокі след ў памяці і ў душы Віктара. Ён і сёння бачыць у снах той далёкі час, калі разам з тысячамі савецкіх юнакоў выконваў інтэрнацыянальны абавязак.
— У Афганістане мне давялося служыць з чэрвеня 1981 па май 1983 года, — працягвае мой суразмоўца. — Служба праходзіла ў гарадах Мазары-Шарыф, Ташкурган, іншых месцах. Я быў вадзіцелем бронетранспарцёра. У абавязкі ўваходзіла пастаяннае суправаджэнне аўтамабільных калон, якія дастаўлялі людзей, харчаванне, зброю для нашых войск. БТРы з’яўляліся заслонам ад варожых нападаў. Вельмі часта даводзілася трапляць пад абстрэл, адбівацца ад атак праціўніка. На вачах узрывалася наша ваенная тэхніка. Аднойчы і мой БТР душманы абстралялі з мінамёта. На шчасце, ні я, ні іншыя байцы, што знаходзіліся ў машыне, не пацярпелі.
Так склаўся мой далейшы лёс, што я пераехаў жыць у Шаркаўшчыну. Спачатку працаваў вадзіцелем на цагельным заводзе, потым у камбінаце бытавога абслугоўвання і ў Дарганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Тут жа, у Шаркаўшчыне, спаткаў сваю другую палову — жонку Святлану, разам з якой выгадавалі сына.
Воінам-інтэрнацыяналістам не вельмі хочацца ў размовах вяртацца ў тыя суровыя гады ваеннага ліхалецця. Віктар Антонавіч таксама не адразу даў свой дазвол на інтэрв’ю, маўляў, не трэба.
— За два гады ніводнага медаля ў Афганістане не заслужыў, хоць і доўг інтэрнацыянальны выканаў спаўна, — з горыччу ў голасе прамовіў мужчына.
Але ці толькі ў медалях і ордэнах справа? Адзін толькі той факт, што васемнаццацігадовыя юнакі, у тым ліку і Віктар Жабёнак, прайшлі праз пекла афганскай вайны і вярнуліся дадому жывымі, выклікае павагу.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.