В Шарковщине прошел митинг, посвященный Дню защитников Отечества и Вооруженных Сил Республики Беларусь

Общество

Дзень абаронцаў Айчыны і 105-ю гадавіну Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь адзначылі паўсюдна ў нашай краіне 23 лютага. У гарадскім пасёлку прайшоў урачысты мітынг каля помніка воінам-вызваліцелям на плошчы Леніна. Тут сабраліся шаркаўчане, каб выказаць словы падзякі людзям у пагонах і ўсім тым, хто ганарыцца званнем абаронцы Айчыны.

— Паважаныя землякі, прыміце шчырыя віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны і 105-й гадавінай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! — з такімі словамі да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец. — Сёння мы з удзячнасцю звяртаемся да тых, для каго служба стала прызваннем. З асаблівай цеплынёй мы жадаем здароўя былым непаўналетнім вязням фашысцкіх канцлагераў, ветэранам ваенных канфліктаў на тэрыторыях замежных краін. Мы віншуем тых, хто сёння служыць у арміі, і тых, каму яшчэ трэба выканаць свой воінскі абавязак перад Радзімай.

23 лютага — свята, якое з’яўляецца сімвалам непарыўнай сувязі пакаленняў, вернасці воінскаму абавязку і любові да Радзімы. Мы ганарымся, што ў роднай Беларусі сёння мір, стабільнасць, згода. Паважаныя сябры, ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, спакою і дабрабыту!

Словы віншаванняў з нагоды свята мужчынам адрасавалі таксама першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Валерый Ан і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама, старшыня пярвічнай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» ААТ «Агратэхсэрвіс» Яся Краснікава.

Працягам урачыстасці, прысвечанай святу 23 лютага, стаў канцэрт у раённым цэнтры культуры, на якім выступілі выкладчыкі і навучэнцы Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Перад пачаткам выступлення да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Юрый Анатольевіч павіншаваў прысутных у зале мужчын са святам, пажадаў ім здароўя, бадзёрасці, цвёрдасці духу, дабрабыту ў сем’ях. Намеснік кіраўніка раёна ва ўрачыстай атмасферы ўручыў Падзякі старшыні райвыканкама былым ваеннаслужачым Антону Паўловічу, Тадэвушу Кавальчуку, Анатолію Канстанцінаву, Аляксандру Лукашэвічу і Віктару Рымчонку за значны ўклад у ветэранскі рух і актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.