На сустрэчу са школьнікамі прыехалі выкладчыкі і выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча

Патрыятычнае выхаванне

Такія высакародныя чалавечыя якасці як патрыятызм, вернасць воінскаму абавязку і гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы не з’яўляюцца самі па сабе — гэтаму трэба вучыцца.

У канцы лютага ў глядзельнай зале раённага Цэнтра культуры адбылося цікавае мерапрыемства. У межах прафарыентацыйнай работы на сустрэчу з вучнямі 5—6-х класаў школ раёна прыехалі выкладчыкі і выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Увазе прысутных прадэманстравалі відэафільм «Адзін дзень», у якім расказваецца пра гісторыю стварэння навучальнай установы, пра будні і святы камандзіраў і выхаванцаў.

У навучальнай установе з 12-ці год выхоўваюць сапраўдных патрыётаў. За 70 год свайго існавання пуцёўку ў жыццё тут атрымала не адно пакаленне афіцэраў і генералаў. Штогод сюды набіраюць каля 70 чалавек. Быць сувораўцам — гэта прэстыжна, многія юнакі мараць тут вучыцца. Але трапіць сюды не так і проста. Трэба спачатку прайсці медыцынскую камісію, псіхалагічную праверку, выканаць некаторыя фізічныя практыкаванні. Толькі потым юнакі дапускаюцца да здачы экзаменаў (беларуская або руская мова, матэматыка). У сярэднім конкурс на адно месца тут складае 3 чалавекі. Юнакі паступаюць у вучылішча пасля заканчэння 6 класа агульнаадукацыйнай школы і вучацца тут 5 год. Дарэчы, пражыванне, вопратку і харчаванне ім цалкам забяспечвае дзяржава.

Пра гэта і многае іншае шаркаўшчынскія школьнікі даведаліся з вуснаў нашага земляка Сяргея Лялекі, які закончыў сярэднюю школу № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, а цяпер з’яўляецца старшым выкладчыкам, камандзірам роты Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Па вачах нашых вучняў было адразу бачна, што многія па-сапраўднаму зацікавіліся магчымасцю паступлення і навучання ў гэтым прэстыжным вучылішчы, дзе выхоўваюць сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы.

У другой частцы мерапрыемства малодшыя і старэйшыя выхаванцы ваеннай установы прадэманстрвалі невялікі канцэрт з музыкай, песнямі і танцамі. Так, сувораўцаў не толькі вучаць трымаць зброю ў руках, тут яшчэ на высокім узроўні арганізавана эстэтычнае выхаванне будучых абаронцаў Айчыны.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.