Палікарп Іосіфавіч Сцяпанаў адзначыў 90-гадовы юбілей

Общество

У нашым грамадстве з вялікай павагай ставяцца да людзей пажылога ўзросту. Яно цалкам зразумела, бо чалавек, які пражыў шмат год, валодае вялікім жыццёвым вопытам, мудрасцю. Да яго заўсёды звяртаюцца, каб атрымаць парады, і родныя, і знаёмыя, і прадстаўнікі маладога пакалення.

У гарадскім пасёлку пражывае мужчына, які нядаўна адзначыў свой 90-гадовы юбілей. Шаркаўчане старэйшага пакалення яго добра ведаюць. Гэта Палікарп Іосіфавіч Сцяпанаў.

Складаны жыццёвы шлях, на якім былі радасці і засмучэнні, усмешкі і слёзы, прайшоў гэты чалавек. Нарадзіўся ён у вёсцы Ліпнягі, якая знаходзілася паблізу Радзюкоў. Дзяцінства і юнацтва прыпалі на часы ваеннага ліхалецця. У яго бацькоў было ажно 5 сыноў, таму ён добра ведае цану звычайнага хлеба. Як бы цяжка ні было, маці і тата паклапаціліся, каб іх сын набыў адукацыю, скончыў Качаноўскую сямігодку. Сваю працоўную дзейнасць Палікарп Іосіфавіч пачаў у 1951 годзе ў тагачасным  саўгасе «Шаркаўшчынскі». Праз год юнака прызвалі на тэрміновую службу, якую ён праходзіў на працягу трох год у ваенных гарнізонах Маскоўскай і Свярдлоўскай абласцей. А калі вярнуўся дадому, працаўладкаваўся на пасаду рахункавода ў Качаноўскай базавай школе, якую скончыў у свой час. Потым працаваў касірам у Дулінаўскім сельсавеце.

Калі ў 1966 годзе аднавіўся Шаркаўшчынскі раён, яго як маладога і перспектыўнага спецыяліста прызначылі на пасаду інспектара па дзяржаўных даходах райфінаддзела, а крыху пазней Палікарп Іосіфавіч стаў працаваць старшым падатковым рэвізорам-інспектарам.

У 1990 годзе мужчыну чакала чарговае павышэнне па кар’ернай лесвіцы — ён заняў пасаду старшага дзяржаўнага падатковага інспектара Шаркаўшчынскай раённай падатковай інспекцыі. Калі ў 1993 годзе прыйшоў час выхаду на заслужаны адпачынак, Палікарп Іосіфавіч не згадзіўся, маўляў, яшчэ ёсць сіла і жыццёвая энергія, каб працаваць на карысць грамадства. Таму яшчэ на працягу пяці год ён шчыраваў на сваёй любімай рабоце.

Дома Палікарпа Іосіфавіча заўсёды чакала жонка Валянціна Іосіфаўна, якая для яго заўсёды была і застаецца дарадцай, найлепшым сябрам і вернай спадарожніцай жыцця. Дарэчы, свой шлюб яны зарэгістравалі ў далёкім 1963 годзе, а 20 сакавіка адзначаць «брыльянтавае вяселле». Нарадзілі і выхавалі дастойнымі людзьмі дваіх дзяцей. Іх сын Анатолій жыве і працуе ў Віцебску, а дачка Людміла — у Шаркаўшчыне, яна — намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. Радуюць сэрца ўнук і ўнучка, а таксама праўнук, якому 7 сакавіка споўнілася 8 год.

У юбілейны дзень нараджэння павіншаваць Палікарпа Іосіфавіча з адметнай датай у жыцці завіталі яго былыя калегі — спецыялісты падатковай інспекцыі Таццяна Цімафеева і Валянціна Сікора. Яны выказалі імянінніку шчырыя словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў, да якіх далучыліся ўсе родныя і блізкія юбіляра.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.