
Забяспечанасць пітной вадой ва ўсе часы з’яўлялася актуальнай для кожнага чалавека. Яно і зразумела, бо без вады не могуць існаваць не толькі людзі, але і ніводная жывая істота, раслінны свет. Пра тое, як ажыццяўляецца водазабеспячэнне жыхароў гарадскога пасёлка і раёна мы спыталі ў начальніка Шаркаўшчынскага ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі філіяла «Докшыцыводаканал» Мікалая Дубоўскага.
— Мікалай Мікалаевіч, што сабой уяўляе сістэма водазабеспячэння Шаркаўшчыны і раёна?
— Агульная працягласць водаправоднай сеткі па раёне складае 59,6 кіламетра, з іх у гарадскім пасёлку — 29,6 кіламетра, у сельскай мясцовасці — 30 кіламетраў. Інфраструктура, а менавіта трубы, з цягам часу зношваюцца, патрабуюць замены. Супрацоўнікі нашай арганізацыі ажыццяўляюць гэты від работ планава і своечасова. Канечне, здараюцца аварыйныя сітуацыі, якія мы стараемся аператыўна ліквідаваць. Дзякуючы зладжанай і сумленнай рабоце ў папярэднія гады ў гарадскім пасёлку заменена каля 80 працэнтаў водаправоднай сеткі. У бліжэйшы час плануецца замена водаправодных труб па вуліцы Халаева, на ўчастках вуліц Гогаля, Энгельса, Рабочая і завулку Рабочы. У сельскай мясцовасці сітуацыя значна горшая. Дакладна невядомы час будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю большасці водаправодаў. Па гэтай прычыне часта ўзнікаюць парывы моцна пашкоджаных карозіяй металічных труб. Таму хочацца звярнуцца да насельніцтва з просьбай: калі вы ўбачыце падтапленне каля калонак або ваду, якая б’е фантанам з-пад зямлі, тэрмінова паведамляйце пра гэта ў нашу арганізацыю. Страты вады трэба звесці да мінімуму.
— Наколькі якасную пітную ваду ўжываюць шаркаўчане?
— Сілкаванне пітной вадой гарадскога пасёлка ажыццяўляецца з дзвюх артэзіянскіх свідравін, якія размешчаны каля аграгарадка Пялікі. Трэцяя свідравіна размяшчаецца на тэрыторыі станцыі абезжалезвання на ўскрайку райцэнтра. За якасцю вады сістэматычна сочыць незалежная аналітычная лабараторыя з горада Глыбокае. Трэба сказаць, што якасць вады адпавядае ўсім існуючым патрабаванням. Да таго ж, спецыялісты нашай арганізацыі перыядычна ажыццяўляюць прамыванне труб сеткі водазабеспячэння.
У сельскай мясцовасці працуюць станцыі абезжалезвання вады ў аграгарадках Іёды, Германавічы, Наваселле, Більдзюгі. Пачата будаўніцтва такога вельмі важнага аб’екта ў в. Гарадзец.
— Мікалай Мікалаевіч, у гарадскім пасёлку і ў сельскай мясцовасці прыкметна скарачаецца колькасць калонак, з якіх насельніцтва набірае пітную ваду. З чым гэта звязана?
— У першую чаргу мы змяншаем колькасць калонак з-за страт вады. Нягледзячы на тое, што карыстальнікі з намі заключаюць дамоўленасці, а калонкі замыкаюцца, шмат нядобранадзейных людзей гэтыя замкі проста зрываюць і бясплатна карыстаюцца пітной вадой. Асабліва востра гэта праблема стаіць у вясенне-летні перыяд, калі грамадзяне ў прыватным сектары ажыццяўляюць бескантрольны паліў сваіх зямельных надзелаў менавіта з калонак. У цяперашні час ў гарадскім пасёлку маецца 20 калонак, а ў сельскай мясцовасці — 21.

— Як вядома, ваша арганізацыя займаецца не толькі водазабеспячэннем, але і водаадвядзеннем.
— Так, агульная даўжыня каналізацыйных труб у гарадскім пасёлку складае 26 кіламетраў, у аграгарадку Лужкі — 5,2 кіламетра. Утрыманне іх у спраўным стане таксама з’яўляецца нашай задачай. Жыхары гарадскога пасёлка ў залежнасці ад перыяду года ў сярэднім у суткі спажываюць 600—800 кубічных метраў вады, за месяц гэта лічба складае прыкладна 22 тысячы кубічных метраў. Для яе перагону і далейшай перапрацоўкі існуюць каналізацыйна-помпавыя станцыі і ачышчальныя збудаванні.
Для перапрацоўкі такой колькасці вады патрабуецца значная колькасць электрычнай энергіі. Яе спажыванне значна павялічваецца пры неспрыяльных умовах надвор’я — дождж, снег. Вада ў выглядзе ападкаў, трапляючы ў каналізацыйныя калодзежы разам з вадой, якая ідзе па каналізацыйнай сетцы ад спажыўцоў, перапампоўваецца на ачышчальныя збудаванні. Аб’ём яе значна павялічваецца, што, у сваю чаргу, патрабуе павелічэння расходу электраэнергіі на ачыстку. У такім выпадку мы нясём матэрыяльныя страты. Для іх змяншэння праводзім работы па ўзвышэнню каналізацыйных калодзежаў, якія з цягам часу апынуліся ніжэй узроўню зямлі або дарожнага пакрыцця.
— Дзякуй, Мікалай Мікалаевіч, за змястоўную гутарку!
Шаркаўшчынскі ўчастак водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі падпарадкоўваецца філіялу «Докшыцыводаканал» не так даўно. У склад дадзенага філіяла ўваходзяць таксама ўчасткі ў гарадах Глыбокае, Паставы і Докшыцы. Страты вады маюць месца ў той ці іншай ступені на ўсіх участках. Адна з асноўных прычын — гэта наўмысны крадзёж несумленнымі грамадзянамі. Маўляў, вады хопіць усім. Але перш чым пітная вада трапіць да чалавека, дзяржава затрачвае немалыя грашовыя сродкі на яе здабычу, ачыстку і транспарціроўку. Давайце будзем эканоміць разам!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.