Пра жыццёвы лёс Канстанціна Жданова гаварылі на сустрэчы ў раённай бібліятэцы

Общество

У бібліятэках гарадскога пасёлка і раёна на пастаяннай аснове ладзяцца мерапрыемствы духоўнага накірунку, на якія запрашаюць святароў, настаўнікаў, вучняў, паэтаў і пісьменнікаў.

Гадзіна духоўнасці прайшла нядаўна ў раённай бібліятэцы. Работнікі ўстановы культуры запрасілі настаяцеля Свята-Успенскай царквы протаіерэя Пятра Бараноўскага, пісьменніка Віктара Праўдзіна, а таксама вучняў 10 класа сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.

Пра што ж ішла гаворка? Удзельнікі мерапрыемства размаўлялі пра свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава. Айцец Пётр Бараноўскі ў свой час быў адным з ініцыятараў збору грашовых сродкаў і ўстаноўкі ў гарадскім пасёлку помніка-бюста заступніку шаркаўшчынскай зямлі. Гэта падзея адбылася ў маі 2015 года. А ў 2019 годзе выйшла з друку кніга «Трыццаць міль да святасці». У ёй сабраны вершы і апавяданні, напісаныя Галінай Буйка, Таццянай Еўдаковай, Людмілай Казіцкай, Алай Сікора, Людмілай Фёдаравай, Нінай Качур, Любоўю Шчукінай і Віктарам Праўдзіным. Складальнікам выдання была Любоў Сырцова, якая ў той час працавала ў раённай бібліятэцы. Аўтары твораў расказваюць пра жыццёвы шлях, служэнне Богу айца Канстанціна Жданава. А назву такую кніга атрымала таму, што горад Дзісна знаходзіцца ад Шаркаўшчыны на адлегласці ў 30 міль. Менавіта столькі пераадолеў свяшчэннамучанік перад сваёй пакутніцкай смерцю.

Напрыканцы мінулага года ў Свята-Успенскай царкве падчас святкавання 110-годдзя храма епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій прэзентаваў кнігу «Что Бог пошлет, то и буду терпеть», прысвечаную Канстанціну Жданаву. У кнізе падрабязна расказваецца пра апошнія дні зямнога жыцця шаркаўшчынскага святара. На старонках размешчаны каляровыя фотаздымкі фатографа Валерыя Кавалёнка.

Віктар Праўдзін падарыў прысутным некалькі экземпляраў сваёй чарговай кнігі «Іду насустрач» з аўтарскім подпісам.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.