Праект «Маленькай радзімы куточак»: Пад гаючым паветрам сасновых бароў

Общество

Колькі прыгожых вялікіх і маленькіх вёсак знаходзіцца ў нашым Шаркаўшчынскім раёне! А якія гасцінныя і добразычлівыя людзі жывуць у іх! Чарговым прыпынкам нашага з вамі падарожжа стала вёска, ахінутая лесам, размешчаная ў васямнаццаці кіламетрах на паўночны ўсход ад Шаркаўшчыны. Сёння мы завіталі ў Каўшэлева.

Гісторыя вёскі

Дакладна невядома, калі ўзнікла Каўшэлева. Верагодна, што сваю назву яна атрымала ад слова «коўш». Даўней побач размяшчалася вёска Богаўшчына. З яе да бальшака, які вядзе на Міёры, праклалі дарогу, у форме каўша. І сапраўды, у цэнтры Каўшэлева дарога не прамая, а нібы выгінаецца і зварочвае ў левы бок. У канцы 19-га стагоддзя тут была адкрыта і пэўны час дзейнічала школа царкоўнай граматы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны быў створаны калгас «За Радзіму», які потым, пасля ўзбуйнення, атрымаў назву імя Фрунзе. На цяперашні момант гэта аддзяленне «Каўшэлева» ААТ «Жвіранка». Тут ёсць механічныя майстэрні, магазін, бібліятэка, працуе таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дрэў-Інвест». У Каўшэлеве пражывае каля 100 чалавек.

Тут нарадзілася «Купалінка»

Больш за 30 год сваю песенную і танцавальную творчасць гледачам дорыць народны фальклорны калектыў «Купалінка», які быў першапачаткова створаны на базе Каўшэлеўскага сельскага Дома культуры. Ён існуе і цяпер, але з закрыццём мясцовай установы культуры працуе ў Більдзюжскім СДК. Яго стваральнік і нязменны кіраўнік — Надзея Вайцюль. У канцы 1980-х гадоў гэты творчы чалавек змагла згуртаваць вакол сябе мясцовых жыхароў — носьбітаў аўтэнтычнай культуры. Пачаліся рэпетыцыі, канцэртныя выступленні, паездкі амаль па ўсёй Беларусі. «Купалінка» — заўсёды жаданы госць на раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах і фестывалях. Перыядычна склад удзельнікаў мяняецца. На змену пажылым прыходзіць моладзь, дзеці, якія цікавяцца мясцовым фальклорам, вывучаюць і папулярызуюць яго. З верасня 1999 года «Купалінка» з’яўляецца «народным самадзейным калектывам». Гэта высокае званне пастаянна пацвярджаецца. А зусім нядаўна да іх прыязджаў калектыў тэлеперадачы «Наперад у мінулае» для здымак чарговай серыі тэлевізійнага праекта, які дэманструецца на тэлеканале «Беларусь 3». Самадзейныя артысты паставілі вясельны абрад «Падменныя маладыя». У Надзеі Вайцюль вялікае мноства планаў і задумак для працягу творчай дзейнасці «Купалінкі». Пажадаем ёй далейшых поспехаў і творчых здабыткаў!

Жанчына-механізатар

Не ўсе ведаюць, што менавіта ў вёсцы Каўшэлева пражывае адзіная ў нашым раёне жанчына-механізатар Ірына Іванаўна Крышталевіч. У пачатку сваёй працоўнай дзейнасці Ірына Іванаўна непрацяглы час працавала жывёлаводам, але большую частку свайго жыцця прысвяціла тэхніцы.

Разам з хлопцамі-аднавяскоўцамі жанчына скончыла механізатарскія курсы, атрымала вадзіцельскае пасведчанне. Першым «сталёвым канём» у яе быў калёсны трактар Т-40, дарэчы, не новы, тэхніка часта патрабавала рамонту, з якім жанчына спраўлялася амаль без дапамогі механізатараў-мужчын. Потым выконвала транспартныя работы, апрацоўвала глебу на трактары Т-25. Часта ў калгас імя Фрунзе прыязджалі карэспандэнты, бралі ў жанчыны інтэрв’ю, фатаграфавалі яе. За сваю працу Ірына Іванаўна была ўдастоена ганаровай узнагароды — ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені. З цягам часу перадавой жанчыне-механізатару ўручылі ордэн Працоўнай Славы ІІ ступені. Яшчэ крыху часу і Ірына Іванаўна магла стаць поўным кавалерам гэтай высокай узнагароды. Вось толькі СССР распаўся.

— Гэтыя ўзнагароды не з’яўляюцца нечым асаблівым у маім жыцці, — сціпла кажа жанчына. — Галоўнае багацце для мяне — мае дзеці, унукі і праўнукі, якія заўсёды побач, дзеля якіх я і жыву.

Іх лёсы аб’яднала музыка

Калі прыязджаю ў Каўшэлева, заўсёды заходжу ў гасцінны дом Леаніда Адамёнка і Лідзіі Верашчакі. Сямейная пара заўсёды рада сустрэчы з даўнімі сябрамі. Не толькі жыхары навакольных вёсак, але, напэўна, усяго раёна ведаюць гэтых людзей. У кожнага калісьці была свая жыццёвая дарога, але па волі лёсу 21 год назад Леанід Генадзьевіч і Лідзія Іванаўна стварылі ўласную сям’ю. Абое ўжо на пенсіі, але свайго любімага захаплення не пакідаюць. На працягу многіх год яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі народнага фальклорнага калектыву «Купалінка». Муж выдатна іграе на баяне, а жонка спявае. У іх дома ажно чатыры баяны, маюцца яшчэ гармонік і акардэон. Дарэчы, Леанід Генадзьевіч — музыка-самавук, але іграе ён так спрытна, што мужчыне можа пазайздросціць нават дыпламаваны музыкант. Вось і ў дзень нашай сустрэчы сямейная пара збіралася на чарговую рэпетыцыю ў Більдзюжскі СДК. Узнёслы настрой, усмешкі і спадарожнік-баян на плячах. Поспехаў вам, паважаныя Леанід Генадзьевіч і Лідзія Іванаўна!

Да новых сустрэч!

Вось такім няспешным крокам ідзе жыццё ў Каўшэлеве — самай звычайнай вёсцы, дзе жывуць людзі, улюбёныя ў сваю маленькую радзіму, у працу на зямлі. У бліжэйшых нумарах раённай газеты мы раскажам і пра іншых каўшэлеўцаў, бо кожны з іх, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. А цяпер будзем рыхтавацца да наступнай паездкі. Нас чакаюць у Германавіцкім сельсавеце.

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.