На імя галоўнага ветурача раёна Р. Э. Вайцяховіч прыйшло паведамленне з дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Вось аб чым гаворыць спецыяліст раёна:
— У сувязі з масавым распаўсюджаннем небяспечных інфекцыйных захворванняў жывёлы ў суседніх дзяржавах, устанаўленнем фактаў рэалізацыі камерцыйнымі фірмамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі камбікорму без наяўнасці дакументаў, якія ўказваюць на паходжанне сыравіны і гатовай прадукцыі, і з мэтай недапушчэння заносу і распаўсюджання інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі рэспублікі, праводзіцца строгі кантроль за выкарыстаннем у сялянскіх (фермерскіх) і асабістых падсобных гаспадарках грамадзян камбікорму, кармавых сумесяў, вотруб’я, кармавых адходаў мукамольнай і крупяной вытворчасці бялкова-вітамінных мінеральных дабавак і прэміксаў. Неабходна выкарыстоўваць толькі тыя, якія зроблены арганізацыямі камбікормавай прамысловасці Рэспублікі Беларусь.
Таксама наладжаны кантроль за рэалізацыяй прадукцыі ў гандлёвай сетцы, у тым ліку магазінах сістэмы Белкаапсаюза, камбінатах хлебапрадуктаў, у аўталаўках, на рынках.
У выпадку выяўлення выкарыстання або рэалізацыі вышэйназванай прадукцыі без наяўнасці адпаведных дакументаў, якія ўказваюць на паходжанне сыравіны і гатовай прадукцыі або якая паступіла з рэгіёнаў суседніх краін, яна будзе канфіскавана.
Купляйце толькі сваё, беларускае, якое праверана і надзейнае!
Афрыканская чума свіней — небяспечнае віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней, якое характарызуецца хуткім распаўсюджаннем і высокай ступенню смяротнасці. Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння АЧС адсутнічаюць. Не ўяўляе небяспечнасці для здароўя людзей.
Меры перасцярогі: праводзіць штодзённы агляд свіней для своечасовага выяўлення магчымага захворвання; не скармліваць свінням, а знішчаць у вызначаных месцах харчовыя адходы і адходы, атрыманыя пасля забою свіней; набываць камбікорм толькі на Шаркаўшчынскім хлебапрыёмным участку Глыбоцкага камбікормавага завода (на рынку забараняецца); не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ў неўстаноўленых гандлёвых кропках без ветэрынарных дакументаў; дапускаць ветэрынарных урачоў на тэрыторыю асабістых падворкаў для агляду жывёлы; паведамляць аб усіх выпадках захворвання спецыялістам ветэрынарных служб; не дапускаць наведвання асабістых падворкаў іншымі асобамі; весці пастаянную барацьбу з грызунамі; не завозіць свіней з іншых рэгіёнаў без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай.
Па ўзнікшых пытаннях можна звярнуцца па тэлефонах: 4-11-90, 4-18-02.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.