Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Ламака і кіраўнік справамі райвыканкама — начальнік упраўлення справамі райвыканкама Вольга Малюгіна сустрэліся з працоўным калектывам Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
Гутарка пачалася з таго, што Дзмітрый Міхайлавіч нагадаў прысутным пра 80-годдзе трагедыі ў Хатыні. 22 сакавіка 1943 года ў 11 гадзін раніцы нямецкія карнікі акружылі вёску, сагналі жыхароў у вялікі хлеў і падпалілі яго. У той дзень у агні і ад куль загінулі 149 чалавек, сярод якіх было 75 дзяцей. Толькі адзінкам удалося выратавацца, у тым ліку мясцоваму кавалю Іосіфу Камінскаму, які пасля стаў прататыпам скульптуры «Няскораны чалавек» у мемарыяльным комплексе «Хатынь». Адкрыццё памятнага месца адбылося 5 ліпеня 1969 года. Спаленая з жыхарамі вёска з’яўляецца сімвалам трагедыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У другой частцы сустрэчы ішла гаворка пра развіццё сістэмы меліярацыі ў нашай краіне. У лістападзе мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў ААТ «Амкадор-КЭЗ» у пасёлку Коханава Талачынскага раёна. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння выпуск тэхнікі для патрэб меліярацыйных прадпрыемстваў — эканамічна выгадны накірунак і яго патрэбна развіваць.
Шаркаўшчынскае ПМС у апошнія гады абслугоўвае меліярацыйную сістэму не толькі нашага, але і Пастаўскага раёнаў. Тут зацікаўлены ў набыцці новай тэхнікі. У канцы 2022 года арганізацыя атрымала два трактары «Беларус» і два аднакаўшовыя экскаватары «Амкадор». Сёлета таксама плануецца папаўненне машынна-трактарнага парку. Перад шаркаўшчынскімі меліяратарамі на сёлетні год пастаўлена вельмі сур’ёзная задача. Трэба правесці рамонт, рэканструкцыю сістэм на плошчы 900 гектараў. На гэтыя мэты дзяржавай выдаткавана звыш чатырох мільёнаў рублёў. Працаваць трэба аператыўна, бо грашовыя сродкі трэба асвоіць у абавязковым парадку менавіта сёлета. Асноўныя работы плануецца правесці ў нашым раёне, часткова — у Пастаўскім. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, меліяратары плануюць выканаць усе работы ў тэрмін.
Сяргей РАЙЧОНАК.