Больш за 30 год нёс службу ў органах унутраных спраў Аляксандр Міхайлавіч Арэхаў. З іх 10 — на пасту дзяжурнага раённага выканаўчага камітэта.
Міхалыч — так ветліва, з павагай і па-сяброўску звярталіся да яго знаёмыя, сустракаючы на вуліцы або заходзячы на працу ці па нейкіх пытаннях у райвыканкам. Ужо некалькі год мужчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця, з’яўляецца членам раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў», удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах грамадскага аб’яднання.
На мінулым тыдні намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі ўручыў Аляксандру Арэхаву Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта за значны асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі Шаркаўшчынскага раёна і ў сувязі са 105-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Юрый Анатольевіч выказаў словы шчырай удзячнасці Аляксандру Міхайлавічу за актыўную грамадзянскую пазіцыю, пажадаў яму трывалага здароўя, аптымізму і доўгіх год жыцця.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

