
1 ліпеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Віктаравіч Морхат правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна і сустрэўся з насельніцтвам Більдзюжскага сельсавета.
На “прамую лінію” патэлефанаваў жыхар вёскі Палялейкі Аляксандр Аляксандравіч Басянок. Ён прасіў аказаць садзеянне ў выдзяленні пашы для ўласнай жывёлы на больш блізкую адлегласць ад дома (на падворку ўтрымліваюцца 8 кароў, малако рэалізуецца дзяржаве). Пытанне было ўзгоднена з кіраўніцтвам КУВСП імя Маркава і ім узята на кантроль.
У сельскім клубе вёскі Кубелеўшчына на сустрэчу з прадстаўніком улады прыйшла пенсіянерка з вёскі Грыбаўшчына Ядзвіга Феліксаўна Плоская. Ад імя жыхароў невялічкай вёскі (чатыры жылыя дамы) выказала праблемы, якія ў іх узніклі. Справа ў тым, што на іх вуліцы гарэў электрычны фанар пад выключальнік. Як расказвала жанчына, яны карысталіся электрычнасцю вельмі эканомна, сачылі, каб святло гарэла толькі ў начны час, летам зусім ім не карысталіся. Але ўзніклі нейкія пашкоджанні на лініі, і святло знікла. Мечыслаў Віктаравіч па тэлефоне звязаўся з начальнікам раёна электрычных сетак В. А. Шарыпам. Той адказаў, што ў хуткім часе гэта пытанне будзе вырашына станоўча.
І вось яшчэ што хвалявала 80-гадовую жанчыну. У вёсцы жывуць старыя, нямоглыя людзі, якім патрэбна пастаянная медыцынская дапамога. Фельчар працуе на медпункце ў Більдзюгах. Па раскладу толькі ў аўторак і чацвер на пару гадзін яна заязджае ў Кубелеўшчыну. За кароткі прамежак часу медыцынскі работнік не ў стане прыняць усіх тых, хто мае патрэбу ў яе дапамозе.
— Гэта пытанне патрабуе больш дасканалага вывучэння, — адказаў дэпутат. І паабяцаў Ядзвізе Феліксаўне, што будзе знойдзена рашэнне дадзенай праблемы.
Затым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. В. Морхат правёў сустрэчу з грамадзянамі ў памяшканні Більдзюжскага сельвыканкама, прысутнічаў на планёрцы ў ААТ “Жвіранка”, пабываў у магазіне і дзіцячым садзе вёскі Більдзюгі.
У вёсцы Каўшэлева дэлегацыя з 15 чалавек звярнулася да дэпутата з просьбай аб садзеянні ва ўстаноўцы агароджы плота ўздоўж вуліцы. Вырашана было сумеснымі намаганнямі ў будучым годзе зрабіць яе са штакетніка і за сродкі насельніцтва. А ўжо шляхі па набыцці будаўнічых матэрыялаў вызначыць дэпутат.
Яшчэ шмат пытанняў было да Мечыслава Віктаравіча, многія з якіх вырашаліся адразу на месцах. Дэпутат расказаў аб рабоце парламента, аб прынятых новых законах.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
