
У Шаркаўшчынскім раёне актыўнымі тэмпамі вядзецца падкормка мінеральнымі ўдабрэннямі азімых зерневых культур і шматгадовых траў. Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, усяго па гаспадарках трэба ўнесці мінеральныя тукі на плошчы 23137 гектараў. З іх пад азімыя зерневыя — 9072 га, азімы рапс — 2394 га, шматгадовыя травы — 11671 га. Дадзены від работ ажыццяўляюць усе сельгаспрадпрыемствы.
Як толькі стала магчыма агрэгатам на пнеўматычным ходзе выехаць на палеткі, аграрыі без прамаруджвання пачали падкормку.
У ААТ «Даватарскі» запланавана ўнесці мінеральныя ўдабрэнні пад азімыя зерневыя на плошчы 1125 гектараў, рапс — 293 га, шматгадовыя травы — 2823 гектары. Дарэчы, мінулай восенню ў сельгаспрадпрыемстве ўпершыню пасеяны азімы рапс на плошчы 67 гектараў.
— Падкормку пачалі са шматгадовых траў, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Іна Касарэўская. — Свае агрэгаты «Раса» вывелі ў поле вопытныя механізатары Віктар Шатыбелка з аддзялення «Васюкі» і Юрый Колас з аддзялення «Пялікі». Яны ўносяць карбаміда-аміячную сумесь. На падвозе задзейнічаны механізатар Вячаслаў Ардынскі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
