З мэтай арыентавання дзяцей у культуры, традыцыях і звычаях беларускага народа Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна сумесна з абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму са студзеня па май праводзяць конкурс бібліятэчных дзіцячых гульнёвых праграм «Забава».
У конкурсе прымае ўдзел і дзіцячая бібліятэка нашага гарпасёлка. Бібліятэкар Людміла Казіцкая распрацавала сцэнарый гульнёвай праграмы «Ляліны забавы», запрасіла ва ўстанову культуры вучняў 6 класа сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына на прагляд мерапрыемства.
Ляля — міфічная істота з крыламі, якая ахоўвае дзіцячы сон. У яе ролі выступіла Людміла Казіцкая. У Лялі ёсць дзве памочніцы — Лялёчкі. У іх пераўвасобіліся ўдзельніцы літаратурнага клуба «Жывое слова» Кіра Нікалаева і Аня Пальчэх.
Сцэнарый праграмы быў распрацаваны такім чынам, што Ляля разам са сваімі маленькімі памочніцамі гулялі з прысутнымі вучнямі ў самыя розныя забавы. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі спадабаліся гульні «Кот і малачко», «Сонцаварот». А ў забаве «Калыханка» яе ўдзельнікі чыталі прапанаваныя вершаваныя радкі, а потым на свой густ падабралі мелодыю і спявалі. Загадкі, прымаўкі і прыказкі — без іх немагчыма ўявіць народную культуру. Ляля са сваімі памочніцамі па чарзе загадвалі дзецям загадкі. Тыя, хто даваў трапныя адказы, атрымлівалі салодкі пачастунак.
З ахвотай дзеці вадзілі карагод, гулялі ў «Ручаёк», а напрыканцы на сімвалізаваным «Дрэве жаданняў» завязалі рознакаляровыя стужкі. Кожны з іх у думках загадаў для сябе самае запаветнае жаданне. Па словах Лялі, іх дзіцячыя мары абавязкова здзейсняцца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.