Фотафакт: Праваслаўныя вернікі ў Шаркаўшчыне святкуюць Вербную нядзелю

Общество

9 красавіка вернікі каталіцкай канфесіі адзначылі Уваскрэсенне Хрыстова, а праваслаўныя хрысціяне святкавалі Вербную нядзелю. Шматлюдна было ў шаркаўшчынскіх храмах, дзверы якіх былі адкрыты для ўсіх прыхаджан.

З самага ранку ў сонечных цёплых промнях пераліваліся яркім бляскам пазалочаныя купалы на царкве іконы «Усіх смуткуючых Радасць». Прыхаджане крочылі да храма, несучы з сабою прыгожыя галінкі вярбы ў руках. І жанчыны, і мужчыны, і маленькія дзеткі віталі адно аднаго, з усмешкамі віншавалі са святам, жадалі здароўя і зямнога шчасця.

Вербная нядзеля прысвечана ўваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім за некалькі дзён да смерці. Яго сустракалі і клалі пад ногі галінкі пальмы. У нас выкарыстоўваюць галінкі вярбы. Штогод у гэты дзень веруючыя прыходзяць сустракаць Хрыста ў храмы. У Вербную нядзелю хрысціяне адкладваюць усе клопаты і прысвячаюць час духоўным справам. Свята сімвалізуе адзінства —людзі прыходзяць у царкву і разам моляцца.

Больш за 200 праваслаўных веруючых у Вербную нядзелю наведалі царкву іконы «Усіх смуткуючых Радасць». Настаяцель храма протаіерэй Віктар Валашчук акрапіў святой вадою галінкі вярбы прыхаджан, пажадаў кожнаму Божай міласці, цяпла і святла ў сэрцах, дабрыні і спагады ў душах.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.