Дзякуй за працу, Вера Савельеўна!

Общество

Прадстаўнікі мясцовай улады заўсёды з павагай ставяцца да ветэранаў працы, да пажылых людзей, якія зрабілі важны ўклад у станаўленне і развіццё нашага раёна.

Многім шаркаўчанам вядома імя Веры Савельеўны Захаравай. Жанчына ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціла роднаму раёну. Нарадзілася яна ў вёсцы Бардзянцы. Пасля школы набыла сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе атрымала кваліфікацыю «бухгалтар». Некаторы час працавала па спецыяльнасці ў раённай бальніцы, а з 1967 года і да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўлялася галоўным бухгалтарам гарпасялковага Савета дэпутатаў.

Як чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, Вера Савельеўна не змагла доўга знаходзіцца дома на пенсіі. Маўляў, здароўе дазваляе, чаму б не прыносіць карысць раёну сваёй працай. Калі жанчыне прапанавалі заняць пасаду сакратара раённага савета ветэранаў, яна дала сваю згоду. І яшчэ 23 гады Вера Савельеўна працавала ў ветэранскай арганізацыі.

Разам з мужам Арсеніем Архіпавічам, з якім пражылі 61 год, нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок — Таццяну і Зінаіду, ёсць два дарослыя ўнукі і адна ўнучка.

Нядаўна Вера Савельеўна Захарава адзначыла свой юбілей — ёй споўнілася 80 год. Са знакавай датай у жыцці жанчыну павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ён уручыў імянінніцы Падзяку кіраўніка раёна за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у ветэранскім руху. Да віншаванняў далучыліся начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Валянціна Клімза і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.