
3 ліпеня ў раённым Доме культуры прайшла конкурсная праграма «Шаркаўчанін і шаркаўчанка», у якой прынялі ўдзел 5 пар маладых прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў гарадскога пасёлка. А менавіта Ігар Селязнёў і Алена Дзіль (УКП ЖКГ), Сяргей (РЭС) і Ірына (Шаркаўшчынская СШ №2) Цыунэлі, Сяргей Малышко (райгаз) і Ядзвіга Балай (Шаркаўшчынская СШ №1), Сяргей Буйка (ДБУ-26) і Вікторыя Сяткоўская (аддзел культуры), Раман Рубін (РАНС) і Галіна Бука (ЦРБ).
У першым конкурсе «Візітная картка» ўдзельнікі павінны былі прадставіць сябе і прызнацца ў любві да роднага краю, а таксама падарыць экспанаты краязнаўчаму музею, які ствараецца ў Шаркаўшчыне. Удзельнікі шчыра віншавалі родную Шаркаўшчыну з юбілеем, жадалі яе жыхарам шчасця і радасці і папоўнілі фонд будучага музея карцінай, лапатай для выпечкі хлеба, маляванкай і іншымі прадметамі з бабуліных куфэркаў. Лепш за ўсё гэта атрымалася, на думку журы ў Сяргея Малышко і Ядзвігі Балай.
У наступным выпрабаванні канкурсанты прадстаўлялі свае варыянты шаркаўшчынскіх брэнда і талісмана. Выбух смеху выклікала ў зале выступленне Сяргея Буйкі і Вікторыі Сяткоўскай, якія прапанавалі свой адказ эканамічным крызісам, прадставіўшы ў якасці брэнда Шаркаўшчыны арыгінальны спосаб гатавання на калодзе, які распаўсюджаны ў шаркаўшчынскіх ваколіцах. Што ж, з такім дзедаўскім метадам нам не страшныя ніякія падаражэнні газу. А ўвогуле, з такім пачуццём гумару шаркаўчанам не страшны ніякія праблемы. У гэтым конкурсе Сяргей і Вікторыя заслужана атрымалі першае месца.
Конкурс частушак зноў жа даў шырокую прастору, каб прадэманстраваць пачуццё гумару. Весела, гарэзліва выканаўцы частушак расказвалі пра сябе і пра свой родны край. Лепшымі былі прызнаны Сяргей і Ірына Цыўнэль. Яны ж першынствавалі ў танцавальным конкурсе, іх энергічны рок’н’рол не мог не выклікаць захаплення. Перамагчы на фоне добрых і яскравых выступленняў іншых удзельнікаў дапамаглі тыя ўзаемаразуменне і зладжанасць, якую яны прадэманстравалі падчас танца і якая ж, вядома, прысутнічае і ў іх сямейным жыцці.
У апошнім конкурсе кожная пара прапановала адзін фотаздымак Шаркаўшчыны, а астатнія павінны былі адгадаць, дзе менавіта ён быў зняты. Найбольш складана было разгадаць здымак, прапанаваны Аленай Дзіль і Ігарам Селязнёвым.
Для агучвання вынікаў на сцэну выйшла старшыня журы Людміла Уладзіміраўна Стома.
— Дарагія канкурсанты, — сказала яна, — вы падарылі нам, гледачам, незабыўныя хвіліны, масу станоўчых эмоцый і ўражанняў. Мы ў захапленні ад вашага таленту, артыстычных і творчых здольнасцяў. Спадабаўся ваш патрыятызм, столькі добрых, цёплых слоў сказалі вы роднай Шаркаўшчыне. Выбраць лепшага вельмі складана, таму мы вырашылі: усе прысутныя сёння на сцэне шаркаўчане і шаркаўчанкі — нумар адзін. Усе ўдзельнікі атрымаюць памятныя граматы і грашовае ўзнагароджанне.
А мы, гледачы, у чарговы раз пераканаліся, што ў Шаркаўшчыне жывуць энергічныя, таленавітыя, з цудоўным пачуццём гумару маладыя людзі.
Падрыхтавалі гэта цікавае мерапрыемства культработнікі Марыя Баговіч і Аксана Міронава, а дапамаглі зрабіць яго яскравым і запамінальным сваімі выступленнямі самадзейныя артысты Елізавета Гуляшка, Юлія Лабейка, Юлія Лабуць, Крысціна Шуман, Юлія Чарняўская, Анастасія Цярпілка, Святлана Машнюк.
Прыгожай завяршальнай нотай стала выпусканне ў неба над Шаркаўшчынай падрыхтаваных зараней удзельнікамі кампазіцый з паветраных шарыкаў.
Андрэй БУРЭЦ, фота Марыны ЖАКАЎКА.
[nggallery id=37]
