
Штогод Віцебскім абласным упраўленнем МНС праводзіцца агляд-конкурс самадзейнай творчасці сярод работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і членаў іх сем’яў. Асноўнай мэтай арганізатары мерапрыемства ставяць перад канкурсантамі прапаганду традыцый і гістарычнай спадчыны прафесіі пажарнага-выратавальніка. Ад Шаркаўшчынскага РАНС удзел у абласным конкурсе, што прайшоў у Наваполацку, прынялі Святлана Васюк, жонка вадзіцеля пажарнага аўтамабіля ПАВП № 11 Андрэя Мечыслававіча Васюка, і ўсім вядомы ў нашым раёне гурт “Каліна”, а таксама Лізавета Гуляшка, дачка былога намесніка начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Віктара Іосіфавіча Гуляшкі. Удзельнікі “Каліны” выступалі ў намінацыі “Эстрадная песня” і былі цёпла прыняты глядацкай аўдыторыяй. Вышэйшую прыступку п’едэстала агляду-конкурсу ў гэтай жа намінацыі, але ў дзіцячай катэгорыі заняла Лізавета Гуляшка. У намінацыі “Беларуская песня” сольны нумар на роднай мове выканала Святлана Васюк. Журы прысудзіла ёй першае месца, аднагалосна выставіўшы вышэйшыя балы. Такім чынам, па выніках абласнога агляду-конкурсу гонар прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліканскім узроўні выпаў Святлане Васюк. Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, а таксама грашовымі прэміямі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
