Купалле ў Лужках

Актуальное

лужкаўскія Купалінкі — Таня Сыраватка і Алена Зянкевіч

Калісьці Язэп Драздовіч так ласкава называў рачулку свайго маленства. Здаўна павялося адзначаць народнае свята Купалле на берагах маляўнічай ракі ў Лужках. Вось і сёлета гэта раённае мерапрыемства сабрала ў летнім амфітэатры не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з гарпасёлка, суседніх раёнаў і нават абласцей. Вядома, бо да свята вельмі грунтоўна рыхтуюцца ўсе: сельскі Савет разам з работнікамі сацыяльнай сферы прыводзіць у належны стан тэрыторыю летняй сцэнічнай пляцоўкі, культработнікі працуюць над сцэнарыем, адміністрацыя сельгаспрадпрыемства ўзнагароджвае лепшых сваіх працаўнікоў. Ды і наогул, кожны жыхар Гарадца і Лужкоў з нецярпеннем чакаюць гэтае свята.

А пачалося ўсё з таварыскага футбольнага матчу паміж камандамі Шаркаўшчыны і Гарадца. Два таймы ўпартай барацьбы не выявілі пераможцу 0:0. Па пенальці з лікам 6:5 мацнейшымі аказаліся шаркаўчане. Але не гэта галоўнае: спартсмены далі зарад бадзёрасці гледачам перад пачаткам асноўнай урачыстасці. Адкрыла канцэртную праграму “Гарадзец святкуе” песняй пра аграгарадок Ірына Буднік — абаяльная і мілагучная мясцовая спявачка. Далей словы для прывітання прадставілі дырэктару КУВСП “Гарадзец” А. А. Маркевічу. Ён, акрамя віншавання ўсіх прысутных, узнагародзіў грашовымі прэміямі лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, спартсменаў, маладыя сем’і, а таксама ўдзельнікаў футбольнага матчу. Старшыня сельскага Савета Т. М. Краснадубская ўручыла шыльды “Дом образцового порядка и быта” чатыром сем’ям: Аляксандру і Людміле Маркевічам, Ігару і Але Раманоўскім, Валерыю і Наталлі Сідаровіч, Васілію і Валянціне Попел.

А. Маркевіч уручае грашовую прэмію А. Каснікоўскаму

Яскравым аздабленнем свята, канечне ж, стала купальскае вогнішча, якое сабрала людзей, “лицезреющих стихию огня”. Арганізатары народнага гуляння ў гэтым годзе не запрашалі сталічныя гастралюючыя калектывы, а цалкам прадставілі выдатную магчымасць спяваць і танчыць нашым самадзейным артыстам. Пад мелодыі песень Лужкаўскага, Васюкоўскага СДК і Германавіцкага ЦКіНТ весяліліся як дарослыя, так і дзеці. Побач са сцэнічнай пляцоўкай працавалі гандлёвыя рады, дзе да патрэб адпачываючых прадавалі харчовыя ласункі, дзіцячыя цацкі і г. д.

Спявае Валерыя Тадасіева
палала вогнішча да ранку

Напрыканцы канцэрта ад імя дырэктара КУВСП “Гарадзец” і старшыні сельскага Савета самадзейным артыстам былі ўручаны падарункі. Спевакі ж дарылі ўсім гледачам песні, яскравыя ўсмешкі, давалі зарад бадзёрасці, аптымізму кожнаму прысутнаму, хто завітаў адзначыць раённае свята — лужкаўскае Купалле.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *