Адна з лепшых аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы — Алена Пучыла

Сельское хозяйство

З месяцу ў месяц аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы МТФ «Зорка» ААТ «Ельня-Агра» Алена Пучыла паказвае перадавыя вынікі ў сваёй працы. У жанчыны самыя вялікія прывагі БРЖ. Напрыклад, за сакавік сярэднясутачная прывага склала 947 грамаў.

Жанчына працуе ў галіне жывёлагадоўлі ўжо больш за 20 год, дасканала ведае сваю справу, старанна выконвае даручаныя абавязкі, таму і вынікі высокія.

— На дадзены момант ў маім гурце ўтрымліваецца 216 цялят ва ўзросце ад аднаго дня і да трох месяцаў. У суседнім памяшканні дадаткова размяшчаюцца яшчэ 13 галоў маладняку да 5-месячнага ўзросту, — тлумачыць Алена Віктараўна. — Трэба не толькі своечасова накарміць цялят, але і пачысціць памяшканне ад гною, замяніць падсцілку. Калі бачым, што жывёла захварэла, аператыўна паведамляем аб гэтым ветэрынарнаму ўрачу, каб было аказана своечасовае лячэнне.

Акрамя працоўных клопатаў на ферме, разам з мужам трымаем хатнюю гаспадарку, гадуем дзвюх кароў, каня, ёсць свінні, куры, качкі. Самі ведаеце, у вёсцы без гэтага ніяк.

На ўрачыстым сходзе, прысвечаным ушанаванню лепшых жывёлаводаў вобласці, сярод узнагароджаных была і Алена Пучыла. Ад старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Субоціна наша зямлячка атрымала Ганаровую грамату аблвыканкама за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Несумненна, гэта ўзнагарода для жанчыны заслужаная. Алена Віктараўна ўпэўнена, што прывага цялят у 947 грамаў для яе не рубеж, наперадзе новыя высокія працоўныя паказчыкі.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота Дзмітрыя ОСІПАВА.