Менавіта такое пытанне часцей за ўсё задаюць людзі, якія прыязджаюць у камандзіроўку са шматлікіх рэгіёнаў нашай вобласці і рэспублікі ў Шаркаўшчыну і засяляюцца ў мясцовую гасцініцу. Згадзіцеся, калі мы запрашаем да сябе ў госці ва ўласны дом або кватэру сваякоў, сяброў, знаёмых, мы абавязкова прыводзім сваё жыллё ў належны стан, каб не было сорамна. Што ж з нашай гасцініцай не так? Чаму яе пастаяльцы зачастую вельмі абураюцца на ўмовы пражывання?
Двухпавярховы будынак гасцініцы, якая размяшчаецца на вуліцы Камсамольскай, быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 50 год назад. Як і ў мінулыя гады, так і цяпер тут часова спыняюцца і пражываюць некаторы перыяд рабочыя арганізацый, служачыя дзяржаўных устаноў, якія па тых або іншых справах накіроўваюцца ў наш раённы цэнтр. Неаднаразова пражывалі тут і сталічныя артысты, чыноўнікі.
На першым паверсе ў былых гасцінічных нумарах цяпер размяшчаюцца дзяржаўныя ўстановы: аддзел статыстыкі райвыканкама, натарыяльная кантора, райкам прафсаюза работнікаў АПК, некалькі памяшканняў арандуюць індывідуальныя прадпрымальнікі і так далей. Пакоі для пражываючых размяшчаюцца на другім паверсе. Усяго іх 19 на 39 месцаў. Шчыра кажучы, унутраны стан большасці нумароў выглядае вельмі кепска. У тых, якія размешчаны па калідоры з паўночнага боку, драўляныя аконныя рамы часткова прагнілі, скрозь іх дзьме вецер. Столь у нумарах і сцены пакрыты чорнымі плямамі ад пастаяннай сырасці. Мэбля старая, эксплуатуецца яна ўжо не адзін дзясятак год. Не ў кожным нумары маецца тэлевізар. Адсутнічаюць нават элементарныя электрычныя чайнікі для прыгатавання кавы або гарбаты. На гэтым фоне зусім іначай выглядаюць два двухпакаёвыя нумары — адзін з іх двухмесны, а другі аднамесны. У кожным з іх ёсць мяккая мэбля, сучасныя тэлевізары, халадзільнікі, мікрахвалевыя печы, санвузлы з гарачай і халоднай вадой. Ёсць яшчэ два нумары, у якіх маюцца тэлевізары, новая мэбля. Для ўсіх пражываючых на першым паверсе размяшчаюцца агульныя душ і прыбіральня.
Штат работнікаў гасцініцы складае пяць чалавек. Гэтыя старанныя і працавітыя жанчыны прыкладаюць максімум намаганняў, каб жыльцы былі задаволеныя ўмовамі. На жаль, далёка не ўсё залежыць ад іх. Несумненна, установа патрабуе рамонту.
Прыемна назіраць, як з наступленнем вясны стала ў лепшы бок змяняцца наша Шаркаўшчына. На шматлікіх вуліцах пакладзена новае асфальта-бетоннае пакрыццё, рамантуюцца жылыя шматкватэрныя дамы, адміністрацыйныя будынкі арганізацый і ўстаноў. І толькі гасцініца, дзе пражываюць камандзіраваныя ў гарадскі пасёлак служачыя і рабочыя, чакае сваёй чаргі рамонту. У якім жа выглядзе яна сустрэне гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023»? Гэта пытанне мы адрасуем кіраўніцтву УКП ЖКГ — арганізацыі, якой і належыць установа.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


