Раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па міні-футболе «Скураны мяч»

Спорт

Кожны год у маі на стадыёне, размешчаным у мікрараёне ПМК-68, праходзяць раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па міні-футболе «Скураны мяч». Не стаў выключэннем і сёлетні год.

Паспрачацца за званне мацнейшай каманды, лепшых бамбардзіра і варатара сабраліся вучні сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка, сярэдняй школы № 2 райцэнтра імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, а таксама хлопчыкі з Лужкаўскай сярэдняй школы.

Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых групах: старэйшая — 2009—2010 гады нараджэння, сярэдняя — 2011—2012 гады нараджэння, малодшая — 2013 і маладзей. Футбольныя паядынкі паміж камандамі-сапернікамі доўжыліся больш за пяць гадзін. Юныя спартсмены стараліся прадэманстраваць спрыт і тэхніку валодання футбольным мячом, даказаць сваім трэнерам і гледачам, што менавіта яны — лепшыя. Дарэчы, выкладчыкі фізічнай культуры належным чынам падрыхтавалі ўдзельнікаў сваіх каманд. Хлопчыкі паказалі цікавую і захапляльную гульню. Кожны паядынак вызначаўся яркімі момантамі, дзе было выдатнае вядзенне мяча, граматна пабудаваная гульня каманды і, канечне ж, прыгожыя галы, калі мяч аказваўся ў варотах саперніка.

У любым спаборніцтве ёсць свае пераможцы і пераможаныя, але не гэта галоўнае. Юныя спартсмены паказалі дастойную гульню. Бясспрэчным лідарам ва ўсіх узроставых групах аказаліся футбалісты сярэдняй школы № 2. Зусім крыху ім саступілі аматары гульні са скураным мячом з сярэдняй школы № 1. Стараліся і вучні Лужкаўскай СШ, якія выступалі толькі ў сярэдняй групе і занялі трэцяе месца.

Прыемным момантам спаборніцтваў стала ўручэнне грамат і медалёў пераможцам і прызёрам, а таксама індывідуальным гульцам. Так, у старэйшай узроставай групе лепшым бамбардзірам стаў Ягор Райчонак, лепшым варатаром — Ягор Кураш. У сярэдняй групе больш за ўсіх забіў галоў у вароты саперніка Сяргей Грыдзюшка, лепшым галкіперам тут стаў Кірыл Лесеў. У малодшай групе Ягор Чарненка вызначыўся як лепшы бамбардзір, а Герман Бейнаровіч стаў лепшым варатаром.

Арганізатары спаборніцтва — фізкультурна-спартыўны клуб «Шаркаўшчына» — выказалі ўдзячнасць юным спартсменам за прыгожую і захапляльную гульню, пажадалі далейшых перамог на футбольным полі.

Чарговыя спаборніцтвы сталі яскравым доказам таго, што шаркаўшчынская моладзь і сапраўды захапляецца фізкультурай і спортам, з’яўляецца прыхільніцай здаровага ладу жыцця. І гэта акалічнасць не можа не радаваць.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.