У Шаркаўшчынскім раёне прайшла выязная калегія камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Удзел у ёй прынялі старшыня камітэта Сяргей Ягораў, яго першы намеснік Наталля Бортнік, начальнік упраўлення ветэрынарыі дадзенага камітэта Сяргей Бабаед, генеральны дырэктар РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» Фізулі Гасанаў.
На калегію былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў, іх намеснікі па жывёлагадоўлі, галоўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў, дырэктары райплемстанцый, кіраўнікі аграпрамысловых аб’яднанняў і іх намеснікі па сельскай гаспадарцы.
Удзельнікі выязной калегіі наведалі ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс», дзе азнаёміліся з тэхналогіяй кругласутачнага ўтрымання дойнага статка на пашы. Пра гэта прысутным расказалі кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак і галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Марына Хаданёнак. Марына Іосіфаўна таксама паведаміла пра арганізацыю работы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы мяснога накірунку. Галоўны аграном гаспадаркі Леанід Зубовіч расказаў, як сельгаспрадпрыемства падрыхтавалася да правядзення корманарыхтоўчай кампаніі. На полі была прадэманстравана лінейка гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе задзейнічана падчас касавіцы.
Потым удзельнікі калегіі наведалі малочнатаварную ферму «Германавічы» ААТ «Княж». Кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда і галоўныя спецыялісты расказалі і паказалі, як жывёлагадоўчыя памяшканні падрыхтаваны да зімова-стойлавага перыяду. У гэтым сельгаспрадпрыемстве дбаюць над захаваннем маладняку БРЖ. Старанныя жывёлаводы прыкладаюць максімум намаганняў, каб дасягнуць высокіх вытворчых паказчыкаў у сваёй рабоце. Прыклад таму — сямейная пара Аляксандра і Людмілы Абрамчыкаў. У іх гурце 100-працэнтная захаванасць жывёлы, а сярэднясутачныя прывагі дасягаюць амаль 1000 грамаў.
На малочнатаварным комплексе «Жвіранка» аднайменнай гаспадаркі ўдзельнікі калегіі азнаёміліся з працэсам вырошчвання цялушак узнаўлення, іх штучнага асемянення і атрымання тэхналагічных прываг. Пра гэта, а таксама пра вытворчасць малака расказалі кіраўнік гаспадаркі Пётр Ананька і галоўны заатэхнік Ірына Катовіч.
У вялікай зале райвыканкама першы намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліневіч падвёў вынікі выязной калегіі. Анатолій Канстанцінавіч агучыў станоўчыя моманты, якія вартыя пераймання іншымі раёнамі і асобнымі гаспадаркамі з вопыту сельгаспрадпрыемстваў нашага рэгіёну ў справе жывёлагадоўлі. Разам з тым ён зрабіў і шэраг заўваг, агучыў тэрміны выпраўлення памылак і недахопаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.