Злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці

Актуальное

Нягледзячы на тое, што пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны прайшло 78 год, падзеі тых далёкіх часоў незагойнай ранай баляць у душах і сэрцах ветэранаў — сведкаў той жудаснай трагедыі. Не забываюць пра яе і нашы суайчыннікі, якія жывуць пад мірным небам.

Нядаўна з друку выйшла кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». У ёй змяшчаюцца дакладныя матэрыялы пра зверствы, якія чынілі нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя на беларускай зямлі. Усе факты, пададзеныя ў кнізе, пацвярджаюцца архіўнымі звесткамі і сведчаннямі відавочцаў. Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Казіцкая арганізавала мерапрыемства, прысвечанае тэме Вялікай Айчыннай вайны, на якое прыйшлі кіраўніцтва і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Людміла Аляксандраўна падрабязна расказала пра змест кнігі. Усім вядома, што на тэрыторыі нашага раёна не было канцэнтрацыйных лагераў смерці, але існавалі гета, дзе ўтрымлівалася яўрэйскае насельніцтва. Сотні мірных грамадзян былі знішчаны карнікамі і пахаваныя ў брацкіх магілах. Бібліятэкар асобна спынілася на выставе дзіцячых малюнкаў, якая створана навучэнцамі мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі толькі па дакументальных звестках, па мастацкіх кінастужках ведаюць пра тую далёкую вайну. Тым не менш кожны з іх алоўкамі і фарбамі на аркушы паперы змог перадаць сваё бачанне той жудаснай трагедыі, дзе гінулі дарослыя і пажылыя людзі, жанчыны і дзеці. У народзе кажуць, што злачынствы, учыненыя супраць чалавецтва, не маюць тэрміну даўнасці. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Тое вялізнае зло, якое неслі варожыя захопнікі на беларускую зямлю ў 1941 годзе, дзякуючы нашым дзедам і прадзедам было пакарана і знішчана. Мы не маем права забываць пра трагедыю насельніцтва Беларусі, пра тыя жахі, якія выпалі на долю нашага народа.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.