Шаркаўчанка Людміла Майсяёнак — вельмі сціплы чалавек. Гэта рыса характару прысутнічае ў ёй з маленства. Таму, калі мы завіталі да яе ў дом, жанчына крыху разгубілася, маўляў, навошта яе здымаць на фотакамеру. А нагодай для візіту стаў юбілейны дзень нараджэння.
Людміла Уладзіміраўна нарадзілася на Зельвеншчыне, што ў Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучылася ў Смалянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе атрымала кваліфікацыю бухгалтара. Спачатку працавала па спецыяльнасці ў галіне сельскай гаспадаркі ў былых калгасах «Прагрэс», «Свабода» нашага раёна. Калі ў 1991 годзе Людміле Уладзіміраўне прапанавалі пасаду бухгалтара аддзела культуры райвыканкама, тая дала сваю згоду. У гэтай бюджэтнай арганізацыі яна і адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак.
Прадстаўнікі раённай улады, сённяшнія і былыя работнікі культуры не забываюць ветэрана працы, паважанага ў грамадстве чалавека. Вось і ў юбілейны дзень нараджэння да імянінніцы завіталі, каб павіншаваць са святам, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Юрый Анатольевіч уручыў Людміле Уладзіміраўне Падзяку кіраўніка раёна за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы культуры. Да віншаванняў далучылася Іна Мар’янаўна Шынкевіч, якая падарыла імянінніцы памятны падарунак і кветкі ад імя прафсаюзнай арганізацыі. Шмат цёплых слоў з пажаданнямі трывалага здароўя і даўгалецця выказала юбіляру Ірына Генадзьеўна Міхалёнак.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.