Уборачная кампанія ў ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

камбайнеры Мікалай Грыгаровіч, Андрэй Корсак і Алег Рабіза

У ААТ “Агратэхсэрвіс” трэба ўбраць збажыну з плошчы 3482 гектары. Першымі распачалі абмалочваць пасевы азімай пшаніцы, якой на 29 ліпеня было скошана 446 гектараў, ураджайнасць зерня склала 28 цэнтнераў з гектара. Як звычайна, убіраюцца спачатку горшыя ўчасткі, затым — насеннікі. У гэтым мы пераканаліся, калі прыехалі ў аддзяленне Вялікае Сяло. Каля вёскі Крапіўнікі днём раней убіралі палеглую, не зусім ураджайную пшаніцу камбайнеры на КЗС-12 Алег Рабіза і Андрэй Корсак, на КЗС-10 Мікалай Грыгаровіч.  У час нашага наведвання з 8 гадзін раніцы, пакуль трымалася на каласках ранішняя раса, яны ўсе разам займаліся наладкай тэхнікі. Затым меркавалі пераехаць на іншы ўчастак. Працаўнікі жніва адзначылі, што на ўраджайным полі за светлавы дзень (працуюць да 22 гадзін) кожны набірае да 7—8 бункераў. Гэта ў сярэднім па 40 тон.

Тут жа, каля механізатараў жніва засталі і агранома аддзялення Аляксандра Пугаўку, які паведаміў, што ў іх трэба ўбраць 260 гектараў азімай пшаніцы і 600 — яравых культур. Сёлета будзе зрачная  розніца паміж паспяваннем азімых і яравых.

Намалочанае зерне адвозіцца на цэнтральную сушылку. Як вядзецца прыёмка новага ўраджаю і даводзіцца зерне да ладу, даведаліся ад Леаніда Сухоўскага — галоўнага аператара сушыльнага комплексу маркі ЗСК-30 Ш.

На пляцоўцы — вялікая гара навезенага з палёў зерня.  На наша пытанне, як справіцца з такой колькасцю збожжа, аператар паказаў, што пры спрыяльных умовах надвор’я і бесперабойнай працы агрэгата да вечара яно будзе перапрацавана. Ачышчанае, пры вільготнасці не вышэй 14 працэнтаў, зерне адпраўляецца ў дзяржаўныя засекі — на раённы хлебапрыёмны ўчастак Глыбоцкага камбікормавага завода. Зернесушыльны комплекс працуе кругласутачна. Пазменна сочаць за  работай дыпламаваныя аператары Дзяніс Маслаў і Іван Бобіч, Віктар Закрэўскі і сам Леанід Сухоўскі. Працэс работы агрэгата кампьютаразаваны. Ацяпленне праводзіцца з дапамогай прыроднага газу. Калі гарыць зялёная лямпачка на маніторы кампьютара, значыць усё ў парадку.

Пасля таго, як некалькі дзён ішоў дождж, зерне паступае з поля вільготнасцю 21—23 працэнты, а на выхадзе — 13—14. Пры спрыяльным надвор’і — пару дзён і азімыя збожжавыя ў гаспадарцы будуць убраны.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *