65-гадовы юбілей адзначыла ветэран працы Людміла Мацкевіч

Общество

Цудоўнай веснавой парой, калі наша Шаркаўшчына патанае ў квецені садоў, 65-гадовы юбілей адзначыла ветэран працы, былы бібліятэкар Малонкаўскай бібліятэкі-філіяла Шаркаўшчынскай ЦБС Людміла  Мацкевіч. З гэтай нагоды да юбіляркі завіталі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вера Мілянцей і прадстаўнік працоўнага калектыву Марыя Сушко.

Падчас сустрэчы Людміла Карнееўна прыгадала гады працоўнай дзейнасці і калег, з якімі і зараз падтрымлівае сувязь.

Трэба адзнычыць, што Малонкаўская бібліятэка размяшчалася на цэнтральнай сядзібе саўгаса Шаркаўшчынскі, займала два прасторных пакоі ў Доме механізатара і лічылася адной з лепшых у сістэме. І заўсёды ў бібліятэцы было шматлюдна. У той час Людміла Карнееўна не толькі праводзіла работу па прыцягненні сяльчан да кнігі, але і дапамагала саўгасу падчас уборкі ўраджаю. І на заслужаным адпачынку Людміле Карнееўне некалі сумаваць. У яе шмат работы і абавязкаў.

Зранку гатуе сняданак, затым спяшаецца на свой падворак, каб накарміць птаства. У вольную часіну захапляецца стварэннем маляўнічых карцін у тэхніцы алмазная мазаіка. Яна цікавіцца навінамі краіны, а таксама бавіць час за праглядам тэлесерыялаў і ток-шоу. Яна актыўная ўдзельніца ўсіх мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў аддзяленні дзённага прабывання пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.

Людміла Мацкевіч — шчаслівая матуля і бабуля. Разам з мужам Мікалаем яна выхавала дзвюх цудоўных дачок, якія па першаму клічу спяшаюцца на дапамогу да бацькоў.

Трэба было бачыць, з якой цеплынёй і любоўю яна расказвала пра сваіх унукаў. Парадаваў бабулю і букет ад унучкі Юлі, якая, знаходзячыся ў Маскве, не забылася пра юбілей і прыслала ей букет прыгожых кветак. А самы малодшы Алег, прыбегшы са школы, прытуліўся да бабулі і ціхенька прашаптаў: «З днём нараджэння!»

Аляксандр БАРЫЛА.