Падчас чарговай рабочай паездкі на тэрыторыю Станіславоўскага сельсавета жыхары вёскі Жукоўшчына параілі звярнуць увагу на месца, куды вывозяць з малочнатаварнай фермы, размешчанай непадалёк, арганічныя ўгнаенні. У вочы трапіў вельмі непрыглядны малюнак: на самым уездзе ў населены пункт, за былым складам сельгаспрадпрыемства для звадкаванага газа, а гэта ў некалькіх дзясятках метраў ад дарогі і жылых пабудоў, і сапраўды на працягу немалога часу ідзе выгрузка арганікі. Як паведамілі самі жыхары вёскі, гэта адбываецца ўжо не першы год. Смурод, асабліва ў летні перыяд, тут стаіць невыносны. Між тым, непадалёк жывуць людзі, маленькія дзеці. Чаму ж кіраўніцтва ААТ «Даватарскі» не знайшло іншага месца для складзіравання арганічных угнаенняў? Адна з жыхарак Жукоўшчыны сказала, калі існавала Слабадская сярэдняя школа, па незразумелых прычынах бурты гною размяшчаліся непадалёк ад установы адукацыі, а цяпер жа вадкую арганіку выліваюць з прычэпаў тут. Трэба дадаць, што ў мінулыя гады на тэрыторыі, дзе калісьці размяшчаліся механічныя майстэрні былога калгаса «Іскра», буртавалі сянаж. Гэта таксама побач з жылымі дамамі. Тады скаргі насельніцтва пачулі кіраўніцтва гаспадаркі і раёна. Будзем спадзявацца, што і ў сённяшняй сітуацыі жыхары Жукоўшчыны не застануцца сам-насам з дадзенай праблемай.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фото носит иллюстрационный характер