Новая сучасная тэхніка ў надзейных руках

Сельское хозяйство

З юнацтва працуе на зямлі перадавы трактарыст ААТ «Агратэхсэрвіс» Іван Сямёнаў. Любая справа спорыцца ва ўмелых руках гэтага механізатара. Ён з лёгкасцю можа кіраваць і трактарамі самых розных мадыфікацый, і камбайнамі. Вясной сёлетняга года гаспадарка набыла новы корманарыхтоўчы камбайн «Палессе» КВК-800 айчыннай вытворчасці. Кіраўніцтва і адміністрацыя сельгаспрадпрыемства даручыла гэту тэхніку Івану.

— У нашай гаспадарцы шмат надзейных работнікаў, якія сумленна працуюць дзеля ўласнага дабрабыту і на карысць сельгаспрадпрыемства, — кажа кіраўнік ААТ «Агратэхсэрвіс» Міхаіл Кавалёнак. — Іван Сямёнаў адносіцца да ліку тых, хто сумленна і якасна выконвае даручаную справу. За ім замацаваны трактар «Беларус» МТЗ-1221. Восенню і зімой Іван ажыццяўляе на ім транспартныя работы, апрацоўвае глебу. У час жніва мужчына перасаджваецца за штурвал зернеўборачнага камбайна «Палессе» КЗС-1218 і ўбірае збажыну. На працягу дзесяці сезонаў ён працаваў на кормаўбарачным камбайне «Палессе» КВК-800. Тэхніка выпрацавала свой мотарэсурс, і мы накіравалі яе ў капітальны рамонт. У пачатку сёлетняга года гаспадарка набыла аналагічны новы кормаўборачны камбайн. Перад намі не паўставала пытанняў і разважанняў, каму даручыць сучасны агрэгат. Аднагалосна было вырашана замацаваць КВК-800 за Іванам Сямёнавым. Цяпер, калі касавіца ў самым разгары, Іван шчыруе на новым камбайне, а разам з ім на такім жа КВК-800 працуе Міхаіл Шук. Наперадзе даволі значны аб’ём работ, бо запланавана скасіць 1880 гектараў траў першага ўкосу, нарыхтаваць за сезон 20100 тон сенажу, у жніўні пачнецца нарыхтоўка сіласу. Мы ўпэўнены, калі тэхніка ў такіх надзейных руках, то і вынікі работы будуць толькі станоўчыя.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.