Уборачная ў ААТ «Ельня-Агра»

Сельское хозяйство

У ААТ “Ельня-Агра” трэба ўбраць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 895 гектараў. З азімых зерневых: 240 —пшаніцы, 158 — трыцікале і 28 гектараў жыта.

Сушыльная гаспадарка прайшла выпрабаванне да прыёму новага ўраджаю збажыны ўжо ў час уборкі рапсу. Праз сушылкі прапушчаны 92 тоны насення алейнай культуры, якое рэалізавалі дзяржаве. А перапрацоўваецца збожжа, якое дастаўляецца з поля, на М-819 і перасоўнай аўтаномнай сушылцы маркі “Мекмар”.

На М-819 праводзіцца толькі ачыстка насення ад прымесяў. Гэтай работай заняты маладыя аператары, якія працуюць круглыя суткі пазменна — Уладзімір Васілеўскі, Сяргей Малыш, Анатолій Струй. А на “Мекмары” дасушваюць і чысцяць зерне Дзмітрый Бука і Дзмітрый Фамін. Усе хлопцы маюць допускі для работы на гэтых машынах. Напрыклад, старшы  аператар Уладзімір Васілеўскі вярнуўся дадому пасля заканчэння Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”.

работнікі сушыльнай гаспадаркі Уладзімір Васілеўскі, Дзмітрый Бука і Сяргей Малыш

А вось Дзмітрый Бука прыйшоў працаваць пасля заканчэння школы, аднак прайшоў пэўныя курсы навучання.

— Папрацую сезон уборкі, а потым буду паступаць вучыцца ў Бабруйскі аўтатранспартны каледж, — прызнаўся малады чалавек. — Канструкцыю сушылкі “Мекмар” вывучыў на паскораных курсах у раёне і ў дадатак самастойна па падручніку.

Арганізацыя работ на палях прадумана да драбніц. На далёкіх урочышчах тэхніка застаецца пад аховай вартаўніка, каб не траціць час і паліва на перагоны. І на гэты раз уборка азімай пшаніцы вялася ва ўрочышчы Канцы — на значнай адлегласці ад цэнтра гаспадаркі.

Адзін за адным ішлі па пшанічным полі камбайны, за штурваламі якіх былі браты Аляксандр і Віктар Мацкевічы, Аляксей Малыш і Мікалай Пучыла. Уборачны ўчастак размешчан на паніжанай па рэльефу мясцовасці, быў забалочаны, таму пасевы дрэнна перазімавалі — зрэджаныя, зерне ў коласе шчуплае. Каб набраць бункер камбайнеру трэба затраціць шмат часу. Таму, хоць нават быў абедзенны перыпынак, ніводзін з іх не прыпыніў сваю магутную машыну да запаўнення бункера. Тут жа ў чаканні збожжа пад загрузку стаялі МАЗы Віктара Красько і Васілія Якімовіча, ЗІЛ-130 — Івана Пажарскага. З прыстасаваным трактарным прычэпам пад’ехаў Леў Васілеўскі. Усе гады, пакуль у гаспадарцы вырошчвалі лён, Леў Канстанцінавіч быў знатным ільнаводам. Ён нёс адказнасць за яго сяўбу, догляд і ўборку. Цяпер механізатар на заслужаным адпачынку, але ў час “прыпару” дапамагае гаспадарцы. Тут жа на трактары пад’ехаў і Мар’ян Грыдзюшка.

механізатар Л. К. Васілеўскі прыехаў пад загрузку збожжам

— Часам 3—4 дні добрага надвор’я вырашаюць лёс ураджаю, — уключыўся ў размову галоўны аграном гаспадаркі Пётр Віктаравіч Протас. — Некалькі дзён паспрыяла ўборцы і азімую пшаніцу амаль сабралі. У цэлым, ураджай яе вырас нядрэнны. Чарга за трыцікале і жытам. А вось яравыя (дарэчы, ячмяні абнадзейваюць на добры ўраджай) яшчэ даспяваюць. Сіноптыкі прадказваюць дажджы, якія не на карысць уборачнай. Але зерне ў коласе сухое, як толькі выгляне сонца — камбайны ўключацца ў работу. Адначасова адпраўляем збожжа дзяржаве. З планавымі лічбамі справімся.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *