Адным з асноўных аб’ектаў, дзе праводзіцца рэканструкцыя ў межах падрыхтоўкі да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023», з’яўляецца Шаркаўшчынскі раён электрычных сетак.
У адзін з дзён мы разам з начальнікам РЭСа Уладзімірам Фёдаравым наведалі маштабную будаўнічую пляцоўку і пацікавіліся ходам падрыхтоўчых работ.
— Рэканструкцыя на аб’екце пачалася ў сакавіку, — кажа прараб падраднай арганізацыі ААТ «Дарбудмантажтрэст» філіяла «Будаўніча-мантажны цягнік № 169 на станцыі Віцебск» Аляксандр Мігаленя. — Нашы спецыялісты выконваюць увесь спектр работ на аб’екце. Гэта рэканструкцыя існуючых пабудоў, узвядзенне новых прыбудоў, мантаж электраснабжэння, пракладка водазабеспячэння і каналізацыі. У завяршэнні будзем займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а яна, дарэчы, даволі ўнушальных памераў і складае 6 тысяч квадратных метраў. На субпадрадзе ў нас задзейнічана будаўнічая арганізацыя «Глыбоцкая ПМК-48». Такім чынам, штодзённа на аб’екце працуюць амаль 70 чалавек.
— Як бачыце, узводзяцца дзве прыбудовы да асноўнага адміністрацыйнага памяшкання, — далучыўся да гутаркі Уладзімір Фёдараў. — Тут будуць размешчаны разлікова-касавы цэнтр, участак філіяла «Энергазбыт», актавая зала, рабочыя кабінеты.
Цалкам абнаўляюцца механічныя майстэрні. Цяпер тут вядзецца ўцяпленне фасаду. Унутры для работнікаў будуць створаны камфортныя ўмовы — санітарныя вузлы, душавыя кабінкі, асобны абедзенны пакой. Побач з майстэрнямі ўзводзіцца новы гаражны масіў на дзесяць адзінак спецтэхнікі. Паралельна вядзецца рэканструкцыя складскіх памяшканняў.
Як высветлілася, падрадныя арганізацыі працуюць на аб’екце без выхадных дзён. Пражываюць у гасцініцы ў Глыбокім, а працоўная змена ў іх складае 10 гадзін. Безумоўна, абноўлены Шаркаўшчынскі РЭС будзе здадзены ў тэрмін.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.