
Не вельмі многа механізатараў налічваецца ў ААТ «Ельня-Агра», але тыя, хто працуе на тэхніцы, сумленна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў, маюць аўтарытэт і павагу сярод кіраўніцтва і работнікаў акцыянернага таварыства.
Як толькі закончылася вясенняя пасяўная кампанія, мясцовыя трактарысты актыўна ўключыліся ў працэс корманарыхтоўкі. Прамаруджванняў у гэтай справе быць не можа, бо ад патрэбнай колькасці кармоў для буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд залежыць і вытворчасць мяса, і колькасць атрыманага малака.
Сёлета ў гаспадарцы запланавана скасіць травы першага ўкосу на плошчы 690 гектараў, нарыхтаваць 365 тон сена і 5550 тон сенажу. Ад світання і да змяркання працуюць у полі механізатары Андрэй Удобкін, які здрабняе правяленую масу, Іван Шышковіч, Алег Урбановіч і Віктар Лагун адвозяць «зялёнку» з поля ў сянажныя траншэі. Нягледзячы на тое, што сёлета вельмі слабы травастой, за дзень механізатары нарыхтоўваюць амаль 200 тон сенажу. Не адстае ад іх і Уладзімір Нікалаёнак. Мужчына займаецца нарыхтоўкай сена ў рулоны. За дзень ветэран працы, а знаходзіцца ён на заслужаным адпачынку, выпускае са свайго прэс-падборшчыка больш за сто рулонаў маладога вітаміннага сена.
Работа на палетках гаспадаркі кіпіць, справы ў мясцовых аграрыяў спорацца.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

