Прайшло не вельмі многа часу пасля завяршэння пасяўной, а механізатары гаспадарак ужо плённа працуюць на розных відах работ па нарыхтоўцы кармоў. Не выключэнне і трактарысты ААТ «Княж».
У адзін з чэрвеньскіх дзён механізатары сельгаспрадпрыемства Сцяпан Канюшэўскі і Барыс Гушчынскі займаліся падкосам пашы паміж аграгарадком Германавічы і вёскай Жукі Ложныя. У гаспадарцы не марудзяць з гэтым відам работ: як толькі гурт кароў пакідае пасля выпасу вызначаны ўчастак поля, туды адразу накіроўваецца тэхніка для падкошвання травы. Гэты працэс станоўча ўплывае на рост атавы, тым больш, калі яшчэ правесці падкормку пашы мінеральнымі ўдабрэннямі, то травастой у хуткім часе вырасце адмысловы.
— Цяпер наступіла вельмі гарачая пара, — адзначае кіраўнік ААТ «Княж» Уладзімір Буда. — Асноўная частка механізатараў задзейнічана на корманарыхтоўцы. Ідзе скошванне траў першага ўкосу, нарыхтоўка сенажу і сена, паралельна праводзім падкормку пашы і яравых зерневых культур. Плануем як мага хутчэй завяршыць першы ўкос у надзеі, што другі будзе больш лепшы.
Безумоўна, і аграрыі, і палеткі чакаюць дажджу, бо зямля вельмі перасохла.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара

