У Шаркаўшчыне ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны

Главное

Шаркаўчане, як і ўсе суайчыннікі, адзначылі сумную дату — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Паўсюдна ў краіне ўспаміналі тых, хто цаной свайго жыцця 82 гады назад выканаў свяшчэнны абавязак па абароне Айчыны.

Прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, моладзь, настаўнікі і вучні, людзі старэйшага пакалення сабраліся ў актавай зале СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына на дыялог-успамін «За гадзіну да світання», падрыхтаваны работнікамі Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Змястоўны аповед пра генацыд насельніцтва нашага раёна ў гады вайны расказала навуковы супрацоўнік Германавіцкага музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча Іна Пучынская. Сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Філатава прызвала падрастаючае пакаленне заўсёды помніць неўміручы подзвіг дзядоў і прадзедаў у імя жыцця і свабоды.

На брацкай магіле ў гарадскім пасёлку, дзе ў чэрвені 1942 года гітлераўскімі захопнікамі былі расстраляны жыхары Шаркаўшчыны яўрэйскай нацыянальнасці, адбыўся мітынг памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

— Паважаныя шаркаўчане, мы павінны памятаць пра трагедыю, якая адбылася 82 гады назад, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі, — памятаць, каб назаўсёды ў нашых сэрцах застаўся подзвіг тых людзей, дзякуючы якім мы цяпер жывём пад мірным небам у свабодалюбівай і незалежнай краіне — Рэспубліцы Беларусь.

У 12 гадзін адбылася Усебеларуская хвіліна маўчання, да якой далучыліся і шаркаўчане. Неўміручы подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў навекі застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў.

Закончылася памятнае мерапрыемства ўскладаннем кветак і вянкоў да помніка загінуўшым.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.