Дзякуй за працу, Зоя Мікалаеўна!

Главное

Сярод шматлікіх службовых абавязкаў галоўнага спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шаркаўшчынскага райвыканкама асноўным з’яўляецца падрыхтоўка адпаведнай дакументацыі на дазвол будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі аб’ектаў дзяржаўнай і прыватнай уласнасці.

Гэтым напрамкам дзейнасці займаецца Зоя Хаданёнак. Пасля набыцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Гарадоцкім саўгасе-тэхнікуме Зоя Мікалаеўна на працягу дваццаці год працавала юрыстам, кадравіком у банкаўскай сферы гарадскога пасёлка. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «правазнаўства».

— Па пэўных абставінах дзесяць год назад я змяніла сферу дзейнасці і цяпер працую ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, — кажа Зоя Мікалаеўна. — Калектыў наш, які ўзначальвае Валянцін Францавіч Бука, сяброўскі, згуртаваны, кожны, безумоўна, з’яўляецца прафесіяналам сваёй справы. Цяпер, калі актыўнымі тэмпамі ідзе падрыхтоўка да абласных «Дажынак», аб’ём работы павялічыўся. Своечасова трэба складаць адпаведны шэраг дакументаў па будаўніцтве або мадэрнізацыі таго або іншага аб’екта. Акрамя гэтага яшчэ займаюся афармленнем дакументацыі па падключэнні электраацяплення і гарачага водазабеспячэння жылых дамоў у прыватным сектары.

Падчас пасяджэння раённага выканаўчага камітэта старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ва ўрачыстай атмасферы ўручыў Зоі Мікалаеўне Падзяку кіраўніка раёна за добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, актыўную жыццёвую пазіцыю, пажадаў трывалага здароўя, дабрабыту і кар’ернага росту.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.