Сям’я Лысёнкаў: тут пануе згода, тут жыве любоў…

Общество

Самае галоўнае ў жыцці чалавека — гэта сям’я. Спачатку тая, дзе ты з’яўляешся на свет, а потым тая, якую ствараеш сам. Сям’я — гэта крэпасць, паратунак ад цяжкасцей, апора і падтрымка. Сёння чарговы аповед у межах грамадска-патрыятычнага праекта «Беларусь — гэта мы!» пойдзе пра сям’ю Сяргея і Наталлі Лысёнкаў.

Дзяцінства, праведзенае па-суседству

У канцы 1970-х гадоў пад кіраўніцтвам старшыні былога калгаса «Іскра» Іосіфа Герната ішло будаўніцтва аднакватэрных дамоў па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Жукоўшчына. Жыллё па рашэнні адміністрацыі сельгаспрадпрыемства выдзялялі сем’ям маладых калгаснікаў. Адзін з дамоў засялілі Алег і Марына Лысёнкі. Муж працаваў вадзіцелем, а жонка бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы. Па-суседству новы дом атрымала маладая сямейная пара Міхаіла і Святланы Райчонкаў. Яны таксама шчыравалі ў калгасе «Іскра». У сям’і Лысёнкаў падрасталі два хлопчыкі — старэйшы Сяргей і малодшы Саша. А ў Райчонкаў дзве дачушкі — Наташа і Сняжана. Дзеці, а іх у той час у Жукоўшчыне было вельмі шмат, разам гулялі, разам хадзілі ў мясцовы дзіцячы садок. Адну групу дашкольнай установы наведвалі і Сярожка Лысёнак з Наташай Райчонак. Пасля заканчэння садзіка абодва пайшлі вучыцца ў Слабадскую сярэднюю школу. Сяргей стаў першакласнікам у 1989 годзе, а Наташа ў 1992-ім. Шмат агульных інтарэсаў было ў гэтых дзяцей. Сябраваць яны прадоўжылі і калі сталі ўжо старшакласнікамі, і пасля заканчэння школы.

На ростанях жыцця

Нябачна і вельмі імкліва праляцелі школьныя гады. Сяргей скончыў навучальную ўстанову ў 2000-м годзе. Юнак з дзяцінства захапляўся тэхнікай, меў свой матацыкл, а яго бацька Алег Іванавіч трымаў уласны трактар. Паспрабаваў Сяргей паступіць у Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, але, на жаль, не хапіла набраных балаў. Таму, каб дарэмна не марнаваць час, пайшоў вучыцца ў Пастаўскі каледж, які з’явіўся стартавай прыступкай для далейшай вучобы. Так, у 2001-м годзе Сяргей Лысёнак стаў навучэнцам Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Наталля развіталася са школьнай партай у 2003-м годзе. Перад ёй не паўставала пытанне, куды пайсці вучыцца, якую прафесію для сябе абраць. Маладая дзяўчына вельмі палюбіла педагагічную справу. Напэўна таму, што настаўнікі, якія выкладалі прадметы ў школе, цалкам аддавалі сябе гэтай прафесіі, каб у будучым з вучняў выраслі адукаваныя людзі і дастойныя грамадзяне. Пасля ўступных іспытаў Наталля Райчонак стала студэнткай факультэта беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Сябры па школе цяпер сустракаліся рэдка, толькі на выхадныя Сяргей і Наталля прыязджалі дадому да сваіх бацькоў. Разам хадзілі на дыскатэкі і вечары адпачынку ў Жукоўшчынскі сельскі клуб.

Сяргей пасля заканчэння Лепельскага каледжа атрымаў размеркаванне на працу ў Шаркаўшчынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Было гэта ў жніўні 2004 года. Яго ж будучая спадарожніца жыцця яшчэ вучылася ў Віцебску.

— Сяргей чакаў, калі я атрымаю дыплом аб заканчэнні ВНУ, — з усмешкай прамовіла Наталля. — І вось праз чатыры гады ён зрабіў мне прапанову рукі і сэрца. Сям’я наша была створана напрыканцы лета 2008 года.

Разам у згодзе і каханні

Свайго ўласнага жылля маладыя не мелі. Таму першапачаткова туліліся ў інтэрнаце па вуліцы Ціміразева ў гарадскім пасёлку, які належыў Шаркаўшчынскаму ПМС, дзе працаваў Сяргей, а Наталля стала настаўніцай Слабадской сярэдняй школы.

— Нас не палохалі шматлікія жыццёвыя складанасці, якія сустракаліся на нашым шляху, — кажа Сяргей. — Як маглі, ва ўсім дапамагалі бацькі, і мае, і Наталлі. Безумоўна, што без іх падтрымкі, без іх слушных парад было б значна цяжэй.

— У 2009 годзе ў нашай сям’і нарадзіўся першынец — сын Валерый, — кажа Наталля. — А праз год арганізацыя, дзе працуе муж, выдзеліла новы камфартабельны дом па вуліцы Лугавой у гарадскім пасёлку. Так мы займелі сваё ўласнае жыллё. Пакрысе сталі абзаводзіцца хатняй гаспадаркай, апрацоўваць зямельны надзел.

Калі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, закрылі Слабадскую СШ, працу на невялікі перыяд мне прадаставілі ў Каўшэлеўскай базавай школе, дзе я выкладала рускую мову і літаратуру. Неўзабаве кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама прапанавала мне працоўнае месца ў сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка. Тут я пачала выкладаць свой профільны прадмет — беларускую мову і літаратуру. А ў 2014 годзе ў нашай сям’і нарадзілася дачушка Аліна.

Чалавек у прафесіі

Амаль 20 год прайшло з таго часу, як Сяргей Алегавіч пачаў працаваць у сістэме меліярацыі раёна.

— Пасля заканчэння Лепельскага каледжа кіраўніцтва ПМС прапанавала мне ўладкавацца памочнікам камбайнера, — успамінае мужчына. — У той час на прадпрыемстве быў зернеўборачны камбайн «Енісей». Мы абмалочвалі збажыну на прысядзібных участках гараджан, тым самым аказвалі платныя паслугі насельніцтву. Вялі жніво і на зямельных надзелах ветэранаў працы нашай арганізацыі. Праз два гады я стаў майстрам будаўніча-мантажных работ. На гэтай пасадзе працую да цяперашняга часу. Безумоўна, гэта работа вельмі складаная і цяжкая. Вопыт, навыкі і веды прафесіі прыходзяць паступова. На пачатку працоўнага шляху асвойваць усе тонкасці прафесіі мне дапамагалі вопытныя спецыялісты, давалі слушныя парады, указвалі на памылкі, тлумачылі, як іх выпраўляць. Праз два дзесяцігоддзі цяпер я і сам расказваю маладым меліяратарам пра ўсе нюансы прафесіі, паступова ўводжу іх у курс спраў.

З ранняй вясны і да позняй восені мы, меліяратары, працуем на сваіх аб’ектах, як кажуць, пад адкрытым небам. За сезон уводзім у эксплуатацыю сотні гектараў былых забалочаных мясцін, вяртаем іх у севазварот, каб аграрыі маглі выкарыстоўваць абноўленыя палі па іх непасрэднаму прызначэнню — вырошчваць хлеб і іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Сёлета я кірую правядзеннем работ па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы «Вялікае Сяло» на плошчы 132 гектары. Пачалі працаваць тут у маі, плануем завяршыць рэканструкцыю раней запланаванага, каб потым перайсці на іншы аб’ект. Будуем новыя і аднаўляем існуючыя меліярацыйныя сістэмы не толькі ў нашым, але і ў Пастаўскім раёне.

Штогод, пры падвядзенні працоўных вынікаў напярэдадні прафесійнага свята — Дня меліяратара, майстар Сяргей Лысёнак узнагароджваецца шматлікімі граматамі, дыпломамі і падзякамі. Вось і сёлета дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Іван Лазовік уручыў Сяргею Алегавічу грамату за добрасумленную працу ў меліярацыйным будаўніцтве, кваліфікаванае выкананне абавязкаў. І ўзнагарода гэта заслужаная і пачэсная.

Педагог і клапатлівая гаспадыня

Наталля Міхайлаўна, на дадзены момант, працуе ў СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына на пасадзе выхавальніка па суправаджэнні дзяцей. Інакш гэта пасада называецца цьютар. За такімі настаўнікамі замацоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Настаўнік-цьютар суправаджае дзіцяці падчас працэса навучання, дапамагае яму вырашаць шматлікія адукацыйныя і арганізацыйныя пытанні.

А дома Наталля — клапатлівая гаспадыня, любімая маці і жонка. У гэтым мы ўласна ўпэўніліся, калі наведаліся ў госці да Лысёнкаў. У доме — чысціня і парадак, тут адразу адчуваецца жаночая рука. На вокнах мноства пакаёвых кветак, якіх, дарэчы, на вулічных клумбах яшчэ больш.

— Любоў да развядзення гэтых раслін мне прывіла ў дзяцінстве мая бабуля Марыя, кажа Наталля. — Яна ў свой час вырошчвала вялікае мноства і пакаёвых, і вулічных кветак. Таму любоў да іх перадалася і мне.

Дзеці — шчасце і надзея

Так Сяргей і Наталля кажуць пра сваіх дзяцей Валерыя і Аліну. Валера сёлета скончыў сем класаў. Як сказаў хлопчык, сярэдні бал паспяховасці ў яго складае 7. Вельмі падабаецца яму працоўнае навучанне, дзе настаўнік Андрэй Іванавіч Татаровіч вучыць юнакоў цяслярнай справе.

Аліна завяршыла вучобу ў другім класе. Акрамя асноўных школьных заняткаў дзяўчынка наведвае шматлікія гурткі па інтарэсах пры раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. А яшчэ Валера і Аліна — першыя і нязменныя памочнікі ў сваіх бацькоў. Абодва і ў доме прыбрацца могуць самі, і на агародзе дапамогу акажуць. А калі трэба паехаць у Жукоўшчыну, то і там не сядзяць дзеці без справы — працуюць разам з бабулямі Марынай і Святланай каля іх сядзіб. А з дзедам Алегам Валера ахвотна любіць парыбачыць з вудай у руках на беразе Дзісны. Вось такая дружная сям’я пражывае ў Шаркаўшчыне. Шчасця вам, міру і моцнай любові, Сяргей, Наталля, Валера і Аліна!

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.