Пракуратура Рэспублікі Беларусь уваходзіць у адзіную дзяржаўную цэнтралізаваную сістэму органаў, а яе асноўным абавязкам з’яўляецца кантроль за выкананнем дзеючых на тэрыторыі краіны заканадаўчых актаў.
На супрацьстаянне злачыннасці і карупцыі накіравана дзейнасць работнікаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, якую ўзначальвае Валерый Дайлідзёнак. Разам з ім працуюць намеснік пракурора Аляксандр Свяцкі і памочнік пракурора Міхаіл Кучэрын.
— За мінулы год колькасць зарэгістраваных на тэрыторыі раёна злачынстваў зменшылася на 32,7% у параўнанні з 2021 годам, — кажа Валерый Міхайлавіч. — Аднак за 2022 год назіраецца павелічэнне колькасці кіберзлачынстваў: з 8 да 14. На жаль, негатыўная тэндэнцыя павелічэння колькасці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, здзейсненых з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскіх пластыкавых картак, камп’ютарных сістэм назіраецца і ў 2023 годзе. Дадзенае пытанне было разгледжана на пасяджэнні каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Шаркаўшчынскім раёне.
22 студзеня мінулага года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа». Устанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне ўсіх фактаў генацыду, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў СМІ або ў інтэрнэце. Пракуратурай Шаркаўшчынскага раёна ў межах расследавання генацыду беларускага народа знаходзяцца звесткі пра раней невядомыя населеныя пункты, знішчаныя фашысцкімі карнікамі, устанаўліваюцца новыя факты расстрэлу мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым накірунку пракуратура будзе працаваць і ў далейшым.
Эфектыўная і зладжаная работа калектыву супрацоўнікаў пракуратуры раёна залежыць і ад людзей, якія ажыццяўляюць тэхнічнае забеспячэнне пракурорскай дзейнасці. Да іх ліку адносяцца загадчык канцылярыі Вера Рабіза, вадзіцель Мікалай Рабіза. Парадак і чысціню ва ўстанове падтрымлівае Рыта Ліпская. Да таго ж жанчына выконвае і функцыі кур’ера.
- У мінулыя гады трывалы падмурак паспяховай работы пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна заклалі яе супрацоўнікі, — прадаўжае Валерый Міхайлавіч. — У іх ліку былы пракурор Зыгмунд Стацэвіч, памочнік пракурора Лена Драгель, следчы пракуратуры Уладзімір Байданаў і іншыя ветэраны нашай службы, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сучасны калектыў пракуратуры імкнецца ўтрымліваць зададзеную планку рэзультатыўнасці ў рабоце. Кожны з адказнасцю выконвае свае службовыя задачы па забеспячэнні выканання дзеючага заканадаўства. Гэта напружаная і добрасумленная праца заслугоўвае высокай адзнакі.
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў пракуратуры — зычу сваім калегам, ветэранам службы моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, здзяйснення самых запаветных мар і жаданняў, каб у іх сем’ях панавалі згода і дабрабыт.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.