Гасцінны аграгарадок Германавічы святкуе свой юбілейны дзень нараджэння — яму спаўняецца 460 год. Пра гісторыю гэтага населенага пункта над ціхаплыннымі водамі Дзісны, яго сённяшні дзень расказвае дырэктар мясцовага музея мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча Людміла Навіцкая:
«Афіцыйнай датай заснавання Германавіч лічыцца 1563 год, калі населены пункт узгадваецца як вёска на мяжы Полацкага і Віленскага ваяводстваў. У 1579 годзе Стэфан Баторый (мастак і картограф) адзначыў Германавічы на «Карце Полацкай зямлі». У 1739 годзе Юзаф Станіслаў Сапега, які валодаў Германавічамі і ваколіцамі, прадаў іх Яну фон Экель Гільзену. Вёска стала цэнтрам асобнага маёнтка, да якога адносіліся навакольныя населеныя пункты. Чарговым гаспадаром Германавіч стаў Ігнат Шырын. У 1782 годзе Ігнат Шырын адкупіў у Гільзена Германавіцкі ключ і пачаў будаваць палац. Германавічы сталі цэнтрам маёнтка. Шырын ажаніўся з Марыянай Якубоўскай, якая павялічыла яго багацці. Чатыры сыны Ігната далі пачатак чатыром лініям, названым па атрыманых у спадчыну маёнтках: германавіцкай, юзэфоўскай, парэцкай і падоршчынскай. Германавічы з фальваркамі атрымаў трэці сын Ігната — Юстын, які павялічыў межы маёнтка за кошт набыцця новых зямель. Ён скончыў у 1828 годзе пабудову палаца, распачатую бацькам.
Палац перажыў усе ваенныя ліхалецці, якія прыйшліся на XIX-XX стагоддзі і здзіўляе сваёй велічнасцю і прыгажосцю ўжо 240 год. У мінулым годзе адсвяткаваў сваё 235-годдзе касцёл Перамянення Пана. Храм быў пабудаваны ў 1787 годзе як грэка-каталіцкая царква Апекі Прасвятой Багародзіцы з кляштарам айцоў-базыльян на фундацыі ўладальніка маёнтка Ігната Шырына.
У 1927 годзе ўладальнік палаца Антон Шырын прадаў яго, а сам з сям’ёй перасяліўся ў перабудаваную пад жыллё стайню. Памёр ён у 1938 годзе, а праз год яго жонка Барбара Шырын выехала за мяжу. У будынку палаца з 1929 года была дзейнічала польская школа. 17 верасня 1939 года тэрыторыя нашага раёна была вызвалена ад польскай улады. Па новаму тэрытарыяльнаму падзелу ад 15 студзеня 1940 года вёска Германавічы, якая страціла свой статус мястэчка, увайшла ў створаны Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці.
У 1941 годзе завіхурыла на нашых землях Вялікая Айчынная вайна, якая ўнесла свае карэктывы ў лёсы людскія, наклала адбітак на ход падзей. Германавічы былі акупіраваны ў пачатку ліпеня. Вяскоўцы спазналі ўсе жахі нямецкага рэжыму. Яўрэйскае насельніцтва Германавіч было знішчана ў шаркаўшчынскім гета. Вызваленне ад фашысцкай акупацыі прыйшло 1 ліпеня 1944 года. Вёска вельмі пацярпела ў гады вайны.
У пасляваенны час Германавічы пакрысе адбудоўваліся, наладжвалася мірнае жыццё. У 1944 годзе была адкрыта пачатковая школа ў некалькіх ацалелых пасля бамбёжкі пакоях былога панскага палаца. З 1946 года Германавіцкая школа стала сямігадовай, а праз два гады — сярэдняй. Сюды настаўнікамі былі накіраваны Лідзія Шарова, перажыўшая блакаду Ленінграда, і былы франтавік Міхаіл Качанаў. У пасляваенныя гады тут настаўнічалі Пётр і Ганна Сергяенкі, Рыгор Арабец, Рыгор і Яўгенія Есіпёнкі.
У 1949 годзе пачалася калектывізацыя. Першы калгас у Германавічах насіў імя Мічурына. Старшынёй яго быў Аляксей Фёдараў. Тэхніка знаходзілася ў валоданні машына-трактарнай станцыі, якая абслугоўвала навакольныя калгасы. База МТС размяшчалася ў Германавічах у прыкасцёльных памяшканнях, а сам храм быў аддадзены пад склады сельгаспрадпрыемства. 10 снежня 1965 года закончылася электрыфікацыя сельгаспрадпрыемства і вёскі, а яшчэ праз год здадзены ў эксплуатацыю мост праз раку Дзісна. У 1970-х—1980-х гадах будуюцца двухпавярховыя жылыя дамы, сельскі Савет дэпутатаў, Дом культуры, сярэдняя школа, уступіла ў строй новая бальніца, у якой працавалі урачамі Яўгенія Лазарава і Васілій Маісееў.
У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла ў 2006 годзе Германавічы атрымалі статус аграгарадка. Былі пабудаваны новыя дамы з усімі выгодамі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, адрамантаваны аб’екты сацыяльнай і вытворчай сфер.
Год ад года прыгажэе аграгарадок Германавічы, які праслаўляюць сваімі працоўнымі дасягненнямі яго жыхары. Святкаванне 460-годдзя стане для нас і нашага населенага пункта чарговай гістарычнай вехай».
Матэрыял падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара