
Вучаніца 8 класа Радзюкоўскай БШ Кацярына Білюк часта дасылае ў рэдакцыю раённай газеты свае допісы аб школьным жыцці, аб цікавых падзеях, мерапрыемствах, экскурсіях, у якіх яна ўдзельнічае разам са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі. На гэты раз яна расказала пра лагер «Ромашка», што дзейнічаў на базе школы:
— Ужо не першае лета пад такім дэвізам на базе Радзюкоўскай базавай школы працуе аздараўленчы лагер “Ромашка”. Знаходжанне ў ім заўсёды цікавае, вясёлае, таму вельмі хочацца падзяліцца ўражаннямі ад яго наведвання.
Сёлета ў лагеры адпачывалі 25 вучняў, якія былі падзелены на два атрады – “Сонейка” і “Усмешка”. Адкрыццё пачалося з размеркавання абавязкаў і конкурсу на лепшае афармленне атрадаў. Ну і , канечне, не абыйшлося без традыцыйнага канцэрта “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”.
Кожны дзень выхавальнікі рыхтавалі для нас цікавыя, разнастайныя па свайму зместу мерапрыемствы: гульнёвыя і конкурсныя праграмы, віктарыны, гутаркі, святы, забавы, праекты. Асабліва спадабаліся тэматычныя дні: дзень усмешкі, дзень банціка, дзень цацкі, дзень кнігі, якія прадугледжвалі стварэнне выставы любімых рэчаў. Дзеці таксама атрымалі добрую магчымасць бліжэй пазнаёміцца з музеямі вёскі Германавічы: мы наведалі Дом ганчара, музей культуры і быту, музей Вялікай Айчыннай вайны на базе Германавіцкай СШ. Экскурсія атрымалася захапляючай і пазнавальнай.
Акрамя цікавых мерапрыемстваў ў рэжыме дня былі прадугледжаны музычьная гадзіна, дзе кожны мог паказаць свае таленты і музычныя здольнасці, і спартыўная гадзіна, на якой выхаванцы гулялі у спартыўныя гульні, прымалі ўдзел у эстафетах, паказвалі спрыт у выкананні фізічных практыкаваняў. Адным словам, усе змаглі знайсці для сябе нешта цікавае.
Змена ў лагеры “Ромашка” закончылася абменам меркаваннямі і пажаданнямі, а таксама ўзнагародай лепшых выхаванцаў і ўрачыстым закрыццём. Хочацца падзякаваць выхавальнікам і працаўнікам лагера за камфортны,цікавы і карысны адпачынак.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
