Ноч з 6 на 7 ліпеня ў славянскіх народаў адзначаецца як ноч Івана Купалы. Пэўна, ніводнае свята не звязана з такой колькасцю рамантычных легенд і паданняў, як Купалле. Спрадвеку дзяўчаты плялі вянкі і пускалі іх па вадзе, прыгадваючы прыкметы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Песнямі суправаджаліся пошукі міфічнай папараць-кветкі, вадзіліся карагоды, распальвалася вогнішча… Купальская ноч. Колькі ў ёй таямнічасці! Старажытнае язычніцкае свята арганічна ўпісалася ў хрысціянскую культуру беларусаў і да сённяшняга часу з’яўляецца адным з самых любімых народных святаў.
У нашым гарадскім пасёлку традыцыйныя тэматычныя гулянні разгарнуліся ў парку ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. А восьмай гадзіне вечара сюды сталі збірацца людзі. Для гасцей і жыхароў раёна працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, гандлёвыя рады.
Рыхтуючы купальскае гулянне, работнікі раённага Цэнтра культуры вырашылі адразу: трэба стварыць казачны настрой, атмасферу чароўных пераўвасабленняў, каб ад душы павесяліць народ.
Гулянне працягвалася святочнай дыскатэкай. І хоць, напэўна, нікому не ўдалося ў гэтую незвычайную чароўную ноч знайсці запаветную кветку шчасця, усё ж кожны прынёс дадому маленькую іскру купальскага вогнішча як напамін пра мора станоўчых эмоцый, бадзёрасці і добрага настрою — сапраўднага купальскага шчасця.
У даўніну ў купальскую ноч забаранялася і лічылася грахом спаць ці сумаваць. Трэба было весяліцца ад усёй душы. Адным словам, удзельнікі свята ў Шаркаўшчыне традыцыю падтрымалі.
Алена АНАНІЧ.