У Шаркаўшчыне пачалося ўзвядзенне шматпаліўнай аўтазаправачнай станцыі

Главное Добраўпарадкаванне

Ні для каго не сакрэт, што аўтазаправачная станцыя ў нашым гарадскім пасёлку ўжо не стала адпавядаць сучасным патрабаванням. Яе прапускная магчымасць вельмі малая, а само паліва знаходзіцца ў кантэйнерах, размешчаных на паверхні зямлі.

Жыхары Шаркаўшчыны і госці раёна заўважылі, што ў канцы мінулага месяца каля кантэйнернай аўтазаправачнай станцыі № 25 на абнесенай агароджай тэрыторыі стала працаваць будаўнічая тэхніка — пачалося ўзвядзенне шматпаліўнай аўтазаправачнай станцыі з далейшым дэмантажом дзеючай кантэйнернай АЗС.

— Будучая МАЗС стане аўтазапраўкай новага пакалення, — тлумачыць выканаўца работ таварыства з абмежаванай адказнасцю «БМСУ № 4 г. Мінск» Мікіта Барценеў. — Яна будзе адной з самых сучасных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Аўтаўладальнікі змогуць запраўляць транспарт як бензінам і дызельным палівам, так і газам.

У цяперашні момант тут вядуцца работы па зрэзе грунта, ідзе выкапванне катлаванаў пад паліўныя ёмістасці, а таксама арміраванне і бетаніраванне будучых канструкцый. У хуткім часе пачнём пракладку водаправоднай і каналізацыйнай сеткі, паралельна будзем збіраць каркас будынка аўтазапраўкі. На аб’екце працуюць 10 чалавек, па меры неабходнасці і з павелічэннем аб’ёмаў работ колькасць людзей будзе павялічвацца.

Наша арганізацыя спецыялізуецца не толькі на ўзвядзенні новых і рэканструкцыі існуючых аўтазаправачных станцый. Мы таксама будуем нафтабазы, малочнатаварныя фермы, жывёлагадоўчыя комплексы і іншыя аб’екты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Зусім нядаўна здалі ў эксплуатацыю аўтазапраўку ў Глыбокім, аналагічную будуем і ў вашым гарадскім пасёлку.

Пасля ўзвядзення сучаснай МАЗС на месце існуючай аўтазапраўкі будзе размешчана аўтастаянка для легкавых і грузавых аўтамабіляў. Завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю аб’екта запланаваны на лістапад 2023 года. Спадзяёмся, што ўсе работы выканаем у тэрмін, і ў Шаркаўшчыне з’явіцца новая сучасная аўтазаправачная станцыя.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.